У Пухавіцкім раёне ў вёсцы Востраў трымаюць галадоўку 7 жанчын. Стан некаторых зь іх імкліва пагаршаецца.
«Нават ня думаем здавацца, — распавяла Радыё Свабода адна з удзельніц Алена Кулініч. — Ня ведаю, колькі яшчэ пратрымаемся, але стан пагаршаецца»
Па-ранейшаму кепска пачуваецца Людміла Кулініч, якая ня мае жоўцевага пухіра, і таму галадоўка ёй супрацьпаказаная. Іншая ўдзельніца галадоўкі Натальля Старавойт рэгулярна губляе прытомнасьць. Алене Кулініч таксама была аказаная мэдычная дапамога.
10-ы дзень ў Беларусі працягваецца галадоўка актывістак руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычных законаў і перагляду спраў сваякоў, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў на вялікія тэрміны.
Па стане на 6 траўня ў галадоўцы па-ранейшаму бяруць ўдзел 14 чалавек. Лічба засталася нязьменнай таму, што 4 траўня адна галадоўніца далучылася да акцыі ў Віцебску, але ў той жа дзень адна жанчына ў Калінкавічах выйшла з галадоўкі у сувязі з дрэнным станам здароўя. Такім чынам, там працягваюць галадоўку 6 жанчын, яшчэ 7 галадаюць ў вёсцы Востраў у Пухавіцкім раёне, адна — ў Віцебску.