Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўдзельніца руху «Маці 328» абвясьціла адзіночную галадоўку


Натальля Шарыпа
Натальля Шарыпа

Натальля Шарыпа далучылася да 14 жанчын, якія восьмы дзень галадаюць у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне, патрабуючы зьмякчэньня пакараньняў па «наркатычным» артыкуле 328 КК, а таксама сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Першапачаткова меркавалася, што 3 траўня галадоўку абвесьцяць дзьве жыхаркі Віцебску, актывісткі руху «Маці 328», але адну зь іх тэрмінова паслалі ў камандзіроўку за межы гораду.

Што важна ведаць:

  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Натальля Шарыпа, якая зьбіралася 3 траўня занесьці заяву пра пачатак галадоўкі ў гарвыканкам, была вымушана адмовіцца ад гэтай ідэі: яе саму і групу сябровак пільнавалі каля дзясятка міліцыянтаў зь відэакамэрамі. Спадарыня Натальля паведаміла, што не выключае правакацый з боку міліцыі і таму ня можа ўзяць на сябе адказнасьць за бясьпеку сваіх сябровак. Ад галадоўкі ў ейнай кватэры было вырашана адмовіцца.

Але 4 траўня Натальля Шарыпа паведаміла, што распачала аднаасобную галадоўку, толькі ў іншым фармаце.

«У мяне галадоўка „без адрыву ад вытворчасьці“ — я галадаю на знак падтрымкі іншых „Маці 328“, але вяду звычайны лад жыцьця. Хаджу на працу (Натальля — індывідуальны прадпрымальнік), займаюся сынам (малодшаму з трох сыноў Натальлі Шарыпы 7 гадоў). Заяву ў гарвыканкам пра пачатак галадоўкі я накірую па пошце. А таксама падрыхтую і адпраўлю заяву ў органы дзяржбясьпекі і МУС, бо мяркую, што ўчорашняе сачэньне за мной і маімі знаёмымі — гэта вынік праслухоўваньня тэлефонных размоваў», — сказала Свабодзе Натальля Шарыпа.

Праслухоўваньне тэлефонных размоваў Натальля лічыць незаконным, як і здымкі на відэакамэру яе ўчорашніх перасоўваньняў па Віцебску.

Сярэдні сын спадарыні Натальлі, якому 22 гады, асуджаны па 1-й і 4-й частках артыкула 328 Крымінальнага Кодэксу на 14 гадоў зьняволеньня. Ён адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску. Сям’я лічыць, што пераважная частка абвінавачаньняў супраць яго — беспадстаўныя і сфальшаваныя.

***

27 красавіка ў Беларусі абвясьцілі бестэрміновую галадоўку жанчыны з грамадзкай ініцыятывы «Рух „Маці 328“», якія патрабуюць лібэралізацыі антынаркатычных законаў, стварэньня камісіі па пераглядзе крымінальных спраў па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году
Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году

У галадоўцы, якая праходзіць у Калінкавічах і ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, бяруць удзел да 14 жанчын, яшчэ некалькі чалавек далучыліся да акцыі ў Магілёве.

Пасьля сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай актывісткі заявілі, што будуць працягваць галадоўку. Найбольш рэальным для выкананьня яны лічаць сваё патрабаваньне лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства.

Натальля Качанава, паводле ўдзельніц сустрэчы, паабяцала ім, што пра галадоўку і патрабаваньні галадоўніц будзе тэрмінова паведамлена Аляксандру Лукашэнку. Пазьней стала вядома, што Качанава дала даручэньне паскорыць унясеньне зьменаў у антынаркатычнае заканадаўства.

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. ІНФАГРАФІКА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG