У Кіеве абмяркоўваюць стратэгію дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны. Прысутнічаюць палітыкі і чыноўнікі з МЗС Украіны. Беларускія ўлады не прадстаўленыя.
Прадстаўніцтва фонду Конрада Адэнаўэра ва Ўкраіне аднавіла дзейнасьць пляцоўкі для дыялёгу беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў па выпрацоўцы стратэгіі дачыненьняў між Беларусьсю і Ўкраінай.
Паводле кіраўніцы прадстаўніцтва фонду Габрыэле Баўман, да ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі запрошаныя прадстаўнікі беларускіх і ўкраінскіх партый — сябраў Эўрапейскай народнай партыі.
«Ёсьць праект „Усходняе партнэрства“, мэта якога — аб’яднаць грамадзян краін, якія далучаныя да гэтага праекту, каб умацаваць эўрапейскія каштоўнасьці, плюралізм думак і дэмакратычныя традыцыі. Сытуацыя ва Ўкраіне карэнным чынам зьмянілася пасьля 2014 году. Але і ў Беларусі ёсьць цікавыя пачынаньні, накіраваныя на тое, каб краіна стала дэмакратычнай і адкрытай», — адзначыла яна.
У той жа час Габрыэле Баўман паведаміла, што беларускае прадстаўніцтва фонду Адэнаўэра пакуль вымушана працаваць у Літве. «Але я спадзяюся, што сытуацыя зьменіцца», — дадала яна.
У канфэрэнцыі бяруць удзел сустаршыня Беларускай хрысьціянскай партыі Віталь Рымашэўскі, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Украіну прадстаўляюць народны дэпутат Барыс Тарасюк, лідэр Эўрапейскага руху Ўкраіны Вадзім Трухан, а таксама прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый ды палітычныя экспэрты. У сустрэчы бярэ ўдзел кіраўнік дэпартамэнту МЗС Уладзімер Шкуроў, зь беларускага МЗС нікога няма.
Чакалі тут і намесьніка старшыні Партыі БНФ Юрася Лукашэвіча, але яго ня выпусьцілі зь Беларусі.
Габрыэле Баўман выказала шкадаваньне, што ён ня змог прыехаць. «Ён адмовіўся не з асабістых прычын, а праз стаўленьне ўлады да яго», — сказала кіраўніца кіеўскага прадстаўніцтва фонду.
«Мы жывём ва ўмовах найноўшай інфармацыйнай вайны. Ідзе глябальная інфармацыйная вайна за розумы людзей. Калі б Украіна была да яе гатовая, то не было б і анэксіі Крыму, і агрэсіі на Данбасе. Вельмі важна, каб у нас былі супольныя інфармацыйныя праекты, якія б распаўсюджвалі праўду пра сытуацыю», — сказаў Вадзім Трухан.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што неўзабаве будзе пікетаваць амбасаду Ўкраіны ў Менску, каб Украіна дабілася выкананьня прэзыдэнцкіх дамоўленасьцяў аб адкрыцьці вяшчаньня ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі.
«За дзяржаўны ўзровень мы ня можам адказваць, але мы можам на гэтай пляцоўцы разьвіваць міжпартыйную супрацу. І па чарзе сустракацца ў Кіеве ды Менску і абмяркоўваць канкрэтныя тэмы. Магчыма, на гэтай глебе потым паўстануць нейкія моладзевыя ці жаночыя форумы. Трэба размаўляць пра рэгіянальную бясьпеку, пра рэформы ва Ўкраіне, каб у Беларусі лепш ведалі, што адбываецца. Украінскія палітыкі павінны прыяжджаць у Беларусь і ўсё гэта распавядаць», — сказаў Лябедзька.