У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пракамэнтавалі ноту МЗС Літвы пра інцыдэнт на Беларускай АЭС 17 красавіка, піша TUT.BY.
«Вычарпальны камэнтар па дадзенай сытуацыі ўжо быў дадзены Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях і Міністэрствам энэргетыкі Беларусі. Таму відавочна, што інфармацыя пра нейкі пажар і згадкі, якія яе суправаджалі, былі адмыслова прыхаваныя да гадавіны трагічнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і выкарыстоўваюцца ў адкрыта палітычных і прапагандысцкіх мэтах», — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.
Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС
Мірончык таксама паведаміў, што зварот МЗС Літвы перадалі ў «кампэтэнтныя беларускія структуры», а беларускія дыпляматы рыхтуюць афіцыйны адказ.
26 красавіка ў МЗС Літвы выклікалі амбасадара Беларусі Аляксандра Караля. Яму ўручылі ноту з просьбай прадставіць падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт, які здарыўся 17 лютага на БелАЭС. Літоўскі бок сьцьвярджае, што ведае ўжо пра шэсьць інцыдэнтаў на будоўлі БелАЭС, «якія выклікаюць сур’ёзныя сумневы ў якасьці праекту».
25 красавіка актывіст антыядзернага руху Мікалай Уласевіч паведаміў, што 17 лютага падчас выпрабавальнага запуску абсталяваньня аварыйнай сыстэмы абароны рэактара БелАЭС здарыўся пажар. Паводле зьвестак актывіста, у шчытавой правялі рамонт, згарэлае абсталяваньне ўжо замянілі, пагарэлыя кабэлі вывезьлі на мэталалом, але цалкам працы па ліквідацыі наступстваў пажару яшчэ не завершаныя.
Аддзел інфармацыі і грамадзкіх сувязей Беларускай АЭС заявіў, што 17 лютага на станцыі адбылося кароткае замыканьне на часовым сілавым кабэлі без далейшага ўзгараньня.