Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А што рабіць? Гэтую ж будоўлю не спыніць». Што ў Астравецкім раёне кажуць пра бясьпеку Беларускай АЭС. ФОТА, ВІДЭА


У суседзтве з АЭС. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:11 0:00

У гадавіну чарнобыльскай аварыі пытаньне пра бясьпеку асабліва актуальнае ў Астравецкім раёне, дзе будуюць Беларускую АЭС. Першы рэактар АЭС запрацуе, як абяцаюць, праз паўтара года — у сьнежні 2019-га.

«Ці будзе аўрал? Ці пасьпееце?» — пытаюся ў Сьвятланы, маладой жанчыны, якая працуе ў штаце АЭС, прычым не на шараговай пасадзе.

«Аўрал абяцаюць, так. А гэта — чалавечы фактар, магчымыя нейкія нечаканасьці. Але асабіста я не баюся, што пабудуюць дрэнна — людзі падрыхтаваныя добра, працуюць адказна. Мяне іншае турбуе — ці акупіцца калі гэтая станцыя?» — адказвае Сьвятлана.

Сама яна пераехала ў Астравец з гораду Прыпяць, дзе стаіць Чарнобыльская АЭС, не па чутках ведае, што такое радыяцыя. Але што ўзровень радыяцыі, як запусьцяць Беларускую АЭС, непазьбежна вырасьце і тут, у Астраўцы, яе ня надта палохае. «Крыху будзе, а што зробіш?»

А вось сяброўка Сьвятланы Віялета ставіцца да радыяцыйнай пагрозы інакш. У Віялеты на руках малая дачка, і хоць муж супакойвае: «Ды нічога ня будзе» — яна ў роспачы. «А што рабіць? Гэтую ж будоўлю не спыніць. Вось вы што параіце?»

Віялета
Віялета

Гэтае пытаньне — што рабіць? — чуў і ў вёсцы Бабраўні́кі, якая ўсяго за 3 км ад будоўлі АЭС.

Сьвятлана Мураўская прызвычаіліся, што зь яе вакна заўсёды відаць станцыю. «Ноччу сьвятла запальваць ня трэба».

Сьвятлана Мураўская
Сьвятлана Мураўская

А мужыкі яе дык і карысьць маюць. Сын Раман пайшоў арматуршчыкам-бэтоншчыкам, зарабіў у сакавіку 1200 рублёў, па астравецкіх мерках — добрыя грошы. Як будоўлю скончыць, вернецца да бацькі рабіць у калгас, бо пусьціў тут ужо і свае карані, нядаўна ажаніўся.

Ну, будзе крыху той радыяцыі, але што зробіш?

Аднак калі Сьвятлана чуе ад мяне, што ў Фінляндыі, дзе пачалі будаваць АЭС па такім жа расейскім праекце, грамадзкасьць дамаглася спыненьня будоўлі і станцыю такі замарозілі, а цяпер удасканальваюць сыстэму бясьпекі, то жанчына пагаджаецца: «Так, і ў нас было б добра больш кантролю ад людзей. Але хто ж гэта зробіць? Мне вунь дарогу да хаты ніяк не адрамантуюць, а вы хочаце будоўлю закрыць...»

Мясцовыя актывісты Мікалай Уласевіч і Іван Крук — як тыя Дон-Кіхоты, ці не ў адзіночку ў Астравецкім раёне змагаюцца з АЭС. Іван Крук зьбіраў подпісы супроць станцыі яшчэ ў 2010 годзе — адфутбольвалі, нават штрафавалі за актыўнасьць.

Подпісы супраць будаўніцтва АЭС
Подпісы супраць будаўніцтва АЭС

Мікалай Уласевіч абнародаваў зьвесткі пра аварыі на будоўлі, выступаў у друку, працягвае змагацца за пільны кантроль мясцовых людзей над будоўляй. Гэта яны ў 2016 годзе першымі паведамілі пра інцыдэнт з пашкоджаньнем корпусу рэактара, што потым будаўнікі прызналі і корпус замянілі.

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Некалькі дзён таму Мікалай Уласевіч абнародаваў зьвесткі пра пажар у шчытавой на станцыі. Паводле яго, згарэла абсталяваньне аварыйнай сыстэмы. «Зьвесткі правераныя», — кажа Мікалай, але крыніц не адкрывае.

Актывіст зьвяртае ўвагу на такую заканамернасьць: зноў пра інцыдэнт на будоўлі людзі даведаліся не ад адміністрацыі станцыі, а зь незалежных крыніц. «У іх там татальны кантроль, а ці ёсьць парадак — невядома. Нават мабільнікі ў працаўнікоў на ўваходзе забіраюць».

Што інфармацыя пра падзеі на станцыі строга кантралююецца, пераканаўся, калі наведаў інфармацыйны цэнтар пры Беларускай АЭС. Алёна Белая, якая працуе ў інфацэнтры і нібыта замяняе начальніка, пакуль той захварэў, наадрэз адмовілася даваць інтэрвію. «Нешта камэнтаваць я не ўпаўнаважаная, трэба было раней узгадняць».

Алена Белая
Алена Белая

Аднак Алёна распавяла пра будучую станцыю: што на ёй будзе працаваць 2300 чалавек, што ўжо ў штаце больш за тысячу, зь іх толькі 69 замежнікі (з Расеі, Украіны і Літвы), астатнія — беларусы. Што яны робяць на станцыі, якая яшчэ не працуе? У асноўным навучаюцца, у тым ліку і правілам бясьпекі. Што рабіць у штатнай сытуацыі, што ў няштатнай. Алёна такую падрыхтоўку ўжо прайшла.

Уран, які будзе выкарыстоўвацца ў рэактары АЭС
Уран, які будзе выкарыстоўвацца ў рэактары АЭС

На пытаньне, ці быў пажар у лютым, адназначна адказала, што тое быў не пажар, а проста «каратнула» зьнешні кабэль.

Яшчэ супрацоўніца інфацэнтру сказала, што радыяцыя вакол станцыі будзе, але вельмі нязначная: «Можа, шэсьць нулёў і адзінка — дакладна ня памятаю». Каб кантраляваць узровень радыяцыі, вакол станцыі паставяць датчыкі АСКРА — аўтаматызаванай сыстэмы кантролю за радыяцыйнай абстаноўкай, сказала Алёна Белая.

Пра такі датчык раней мне казала 70-гадовая сялянка Рэгіна Блашкевіч.

Рэгіна Блашкевіч
Рэгіна Блашкевіч

Частуючы карэспандэнтаў сырадоем ад сваёй каровы, Рэгіна Мікалаеўна сказала, што ў яе двары будзе ўсталяваны на слупе такі датчык. «Каб сачыць, каб малако было добрае». Пытаюся: «А калі потым акажацца, што радыяцыя вялікая?» Пра такое Рэгіна Мікалаеўна думаць ня хоча.

Рэгіна Блашкевіч налівае сырадой
Рэгіна Блашкевіч налівае сырадой

Некалькі гадоў таму, як у раёне быў яшчур, ёй забаранілі гадаваць сьвіней. Калі яшчэ забароняць трымаць карову, дык навошта такое жыцьцё?

«Але колькі яго засталося. Прыяжджайце яшчэ, пачастую», — праводзіць гаспадыня гасьцей.

У былога юрыста, цяпер грамадзкага актывіста Івана Крука свая праўда пра бясьпеку на будучай АЭС.

Іван Крук
Іван Крук

«Нават у школу прыходзілі і агітавалі дзяцей, што ўсё будзе добра, каб дзеці агітавалі бацькоў. Начальству сапраўды добра, у іх пасады, прэміі, увага. А для простых людзей ад гэтай станцыі больш стратаў. Усе прыбыткі пойдуць у Расею, мы 25 гадоў будзем вяртаць крэдыты, ды яшчэ і невядома, хто купіць тую электрычнасьць, бо Літва і Польшча адмовіліся, а ў Расеі сваёй энэргіі хапае.

Вунь нават у Калінінградзе ад АЭС адмовіліся, а мы куды ідзем? Плюс Лукашэнка кажа, што яму не патлумачылі, як АЭС будзе ўбудавана ў эканоміку краіны. Але ж гэта ён сам і прыдумаў тую авантуру з АЭС. Дык навошта?!», — абураецца актывіст.

Апошні год Іван Крук жыве марай пра тое, што будоўлю АЭС спыняць, а праект перагледзяць і ўдасканаляць сыстэму бясьпекі. «Гэта магчыма. Фінам жа ўдалося — чаму ня могуць беларусы?»

Таямніца Астравецкай АЭС

Як жывуць землякі савецкага партфункцыянэра, які заклікаў не панікаваць пасьля Чарнобылю

АЭС, якой я баяўся, баюся і буду баяцца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG