Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр індывідуальных прадпрымальнікаў: «Мы пакуль ня можам дастукацца да Лукашэнкі»


 Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

У пасланьні да беларускага народу і Нацыянальнага сходу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «дакладнай рэалізацыі» рашэньняў у разьвіцьці прадпрымальніцтва.

Ён сказаў, што цяпер вядзецца «вялікая праца» па актуалізацыі заканадаўства з улікам дэкрэту «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». Лукашэнка папярэдзіў распрацоўнікаў: «Ня сьмейце скажаць ні дух, ні літару прынятых рашэньняў».

Паводле кіраўніка краіны, «ва ўсім павінен вяршэнстваваць прынцып эканамічнай эфэктыўнасьці».

Гэтыя выказваньні Свабодзе пракамэнтаваў Анатоль Шумчанка, лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якое прадстаўляе інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Як апошнія ўказы Лукашэнкі ўплывалі на эканамічную эфэктыўнасьць

Паводле Шумчанкі, падчас учорашняга форуму прадпрымальнікі якраз прааналізавалі, як апошнія ўказы Лукашэнкі ўплывалі на эканамічную эфэктыўнасьць.

«Напрыклад, калі мы працавалі паводле ўказу № 285, гэта праца без дакумэнтаў, „па патэнце“, у нас было 166 мільёнаў даляраў плацяжоў. Калі ён падпісаў указ № 222, які прадугледжвае працу з дакумэнтамі, то плацяжы скараціліся на 100 мільёнаў», — сказаў Шумчанка.

Таксама,паводле лідэра «Пэрспэктывы», колькасьць дробных прадпрымальнікаў у гандлі за апошнія пяць гадоў скарацілася на 30 тысяч.

«Таму калі Лукашэнка кажа пра гэтую эканамічную эфэктыўнасьць, то трэба тэрмінова выконваць патрабаваньні „Пэрспэктывы“, агучаныя на форуме і падтрыманыя прадпрымальнікамі. Бо інакш складана казаць, што ён мае на ўвазе пад „эканамічнай эфэктыўнасьцю“ дзяржавы, якая страчвае 200 мільёнаў даляраў падатку ў бюджэт».

Натальля Качанава на зьезьдзе праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь»
Натальля Качанава на зьезьдзе праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь»

Чыноўнікі ігнаруюць просьбы

Таксама Шумчанка адзначыў, што ня мае ніякіх ілюзій наконт заканадаўства, якое тычыцца працы прадпрымальнікаў, бо кіраўнік эканамічнай камісіі Палаты прадстаўнікоў праігнараваў просьбу аб сустрэчы.

«Пра што далей можна весьці размову?! Там, здаецца, наогул цемра», — сказаў Шумчанка.

Таксама пакуль не адбылася і сустрэча «Пэрспэктывы» з кіраўніцай прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Качанавай, якую яна абяцала правесьці.

«Мне шмат хто абяцаў сустрэчы, але потым чамусьці рэзка перадумвалі. Бо яўна ёсьць сілы, якія ў гэтым не зацікаўленыя», — сказаў Шумчанка.

Словы Лукашэнкі «разыходзяцца са справай»

Лідэр «Пэрспэктывы» адзначае, што ў выніку словы Лукашэнкі «разыходзяцца са справай».

«Хочацца, каб сёньня былі прынятыя канкрэтныя крокі, якія зробяць бясьпечным бізнэс. Але ўсе мы бачым, што далей за словы справа не ідзе. У тым жа дэкрэце № 7, пра які ён кажа, там мала што ёсьць для індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён прымаўся пад буйны бізнэс. Магчыма, ён прымаўся пад той буйны бізнэс, які да яго бліжэй? Мы ж пакуль да яго дастукацца ня можам», — сказаў Анатоль Шумачнка.

Як пісала Свабода, скарачэньне колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў назіраецца ва ўсіх абласьцях Беларусі. Найбольшыя паказчыкі ў Горадзенскай (на 6,2%) і ў Віцебскай (на 5,8%). Пры гэтым улады апошнім часам усё часьцей заяўляюць пра «лібэралізацыю» і паляпшэньне ўмоваў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі.

Рэфэрэндуму ня будзе. Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да дэпутатаў і народу. Цытаты і камэнтары

Аляксандар Лукашэнка 24 сакавіка выступіў са штогадовым — ужо 22-м — пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Выступ доўжыўся 80 хвілін. Свабода выбрала самае важнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG