Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сынтэз Фа». Каго і чаму пакаралі за несанкцыянаванае чаяваньне ў Віцебску


Дом, у якім віцябляне сабраліся на «несанкцыянаваны сход»
Дом, у якім віцябляне сабраліся на «несанкцыянаваны сход»

Свабода высьветліла, што за група людзей у Віцебску была пакараная за несанкцыянаваны сход у кватэры, абмеркаваньне Домрачавай і Пуціна ды піцьцё гарбаты.

Дзьве жыхаркі Віцебску, якіх суд пакараў за сяброўскую сустрэчу за гарбатай як за несанкцыянаваны сход, падзяліліся са Свабодай сваімі ўражаньнямі і далейшымі плянамі. Свае прозьвішчы яны папрасілі не называць, ад фатаграфаваньня адмовіліся.

«Усё яшчэ перажываем сытуацыю абсурду»

Сьвятлана і Ларыса разам зь яшчэ шасьцю жыхарамі Віцебску сталі ўдзельніцамі беспрэцэдэнтнага выпадку, калі 8 чалавек, якія сабраліся разам у прыватным памяшканьні, былі за гэта пакараныя судом. Сямёра атрымалі папярэджаньні, а спадарыню Сьвятлану судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Міхаіл Зубеня прызнаў арганізатаркай імпрэзы і аштрафаваў на 20 базавых велічынь (490 рублёў).

Фрагмэнт пастановы суду
Фрагмэнт пастановы суду

Сьвятлана яшчэ раз прыгадвае, як усё адбывалася, калі яны зь сябрамі сабраліся 15 сакавіка.

«Мая „арганізатарская“ роля была хіба ў тым, што ў прыватнай інтэрнэт-перапісцы я напісала „А давайце сустрэнемся“. Бо мае сябры пачалі абмяркоўваць навіны, а ў інтэрнэце гэта нязручна. Дамовіліся, што сустрэча адбудзецца ў Дзень Канстытуцыі. Спаткаліся ў памяшканьні, якое зьяўляецца прыватнай уласнасьцю: гэта звычайная кватэра, але выведзеная з жыльлёвага фонду. Нават дзьверы не замыкалі. І тут зьяўляюцца пяцёра супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнік уладаў — з аддзелу ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Нам сказалі, што мы парушаем парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, ч.1 арт. 23.34 КаАП», — расказала Свабодзе Сьвятлана.

Яна прыгадвае, што ўсім прысутным тут жа было загадана ісьці ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі Віцебску. Людзі пачалі абурацца, бо сытуацыя выглядала абсурднай. Але падпарадкаваліся, і ў пастарунку ў кожнага зь іх узялі тлумачэньні. Праўда, праз тыдзень выклікалі яшчэ раз — каб удакладніць падрабязнасьці. А яшчэ праз пару дзён пазнаёмілі з пратаколамі правапарушэньня.

Што за вучэньне «Сынтэз Фа»?

Паводле старшага інспэктара аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргея Вяраксы, пра «сход людзей, якія вызнаюць нейкую філязофію» ў міліцыю паведаміў нехта з суседзяў. І што гэты чалавек нават назваў канкрэтную сыстэму філязофскіх поглядаў — «Сынтэз Фа». Выступаючы на судзе ў якасьці сьведкі, Сяргей Вяракса паказаў, што знайшоў пра гэтае вучэньне згадкі ў інтэрнэце, а таксама знайшоў сьпіс прыхільнікаў гэтага вучэньня, у якім фігуравалі прозьвішчы тых, хто ўдзельнічаў у сходзе.

Дом, у якім віцябляне сабраліся на «несанкцыянаваны сход»
Дом, у якім віцябляне сабраліся на «несанкцыянаваны сход»

Але абвінавачаныя — шэсьць жанчын і два мужчыны, усе людзі сярэдняга і пажылога веку — заявілі ў судзе, што арганізацыя «Сынтэз Фа» ім невядомая і што яны не зьяўляюцца яе чальцамі. Але яны чулі пра так званую «філязофію сынтэзу». І гэта зусім не загана, лічыць спадарыня Сьвятлана.

«Гэта вучэньне пра чалавека. І пра асяродзьдзе, у якім ён жыве. Якое залежыць ад яго і ўплывае на яго разьвіцьцё. Бо ўсё ў сьвеце ўзаемазьвязана, і гэтая ўзаемасувязь паміж чалавекам і тым, што вакол яго адбываецца. Але ня трэба прывязвацца да канкрэтнага вучэньня, у кожнага чалавека павінна быць уласная філязофія, якая складваецца з таго, чым ён жыве, чым цікавіцца, што вывучае. Сучасны чалавек павінен быць цывілізаваным!» — гаворыць Сьвятлана з пазнавальнымі інтанацыямі чалавека, які працяглы час нешта выкладае іншым. І дадае: «Але групу „Сынтэз Фа“ я ня ведаю».

«Можа, нехта пачуў слова „сынтэз“ і вырашыў мяшаць усё ў адно? Тым больш што зьбіраюцца культурныя людзі, разважаюць на розныя тэмы... Мабыць, гэта падазрона? Вось каб мы сабраліся піць гарэлку, гэта было б зразумела і не было б ніякіх прэтэнзій», — жартуе спадарыня Ларыса.

Абедзьве жанчыны падкрэсьліваюць, што яны зь сябрамі зьяўляюцца прыхільнікамі інтэлектуальнага баўленьня часу. І таму наведваюць канцэрты, лекцыі ды іншыя культурныя імпрэзы, якія ладзяцца ў Віцебску.

Супольна піць гарбату не атрымаецца яшчэ год

«Мы не зьвярталіся па дазвол, бо і падумаць не маглі, што звычайную сустрэчу добрых знаёмцаў можна кваліфікаваць як несанкцыянаваны сход», — гаворыць Сьвятлана.

Паводле вэрсіі міліцыі і суду, яна арганізавала несанкцыянаванае мерапрыемства ўдзельнікаў незарэгістраванай арганізацыі.

На думку праваабаронцы Паўла Левінава, «аматары гарбаты» трапілі ў заканадаўчую пастку.

Павал Левінаў
Павал Левінаў

«Калі чалавек прызнаны вінаватым за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, на працягу году ён ня мае права падаваць заяўкі на наступныя імпрэзы. Нават калі ён усьвядоміў свае памылкі і хоча дзейнічаць у адпаведнасьці з законам. Але, на жаль, наша міліцыя і нашы суды ігнаруюць міжнародныя абавязкі Беларусі, якая падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох, што гарантуе кожнаму права на свабоду мірных сходаў і выказваньня думак», — кажа праваабаронца Левінаў, які прапанаваў удзельнікам «чаяваньня» сваю дапамогу ў абскарджваньні судовых пастаноў.

Што да віцебскіх прыхільнікаў вучэньня «Сынтэз Фа», якіх некаторыя дасьледчыкі лічаць удзельнікамі акультнай сэкты, то яшчэ ў 2015 годзе газэта «Народнае слова» паведамляла пра «зьбіраньне доказнай базы незаконнай дзейнасьці». Ці прывяла гэтая праца да нейкага выніку, у віцебскіх СМІ не паведамлялася.

У 2010 годзе групоўка прыхільнікаў «Вучэньня сынтэзу» была выкрытая міліцыяй на Гомельшчыне. Там некалькі чалавек таксама атрымалі адміністрацыйныя папярэджаньні. Падчас разбору высьветлілася, што адэпты «філязофіі сынтэзу» зьбіраліся заснаваць у Жлобіне некамэрцыйную арганізацыю, каб праводзіць адукацыйныя ды іншыя мерапрыемствы.

Дарэчы, галоўнае, у чым вінавацяць прыхільнікаў «філязофіі сынтэзу» — гэта якраз у арганізацыі сэмінараў на платнай аснове. Такія сэмінары і называюцца «сынтэзамі». Ахвотныя наблізіцца да разуменьня канцэпцыі «Сынтэзу Фа» мусяць прайсьці пэўную колькасьць «сынтэзаў», каб трапіць на адпаведны ўзровень унутранай арганізацыйнай герархіі.

Абскарджваць судовую пастанову ці не?

Суд Кастрычніцкага раёну
Суд Кастрычніцкага раёну

​На сайце «ИВДИВО» («Изначально Вышестоящий Дом Изначально Вышестоящего Отца») можна знайсьці зьвесткі і пра віцебскіх прыхільнікаў «філязофіі сінтэзу». Зрэшты, гэтыя герархічныя характарыстыкі выглядаюць для недасьведчанага чалавека як незразумелая камбінацыя лічбаў і літар.

На гэтым жа сайце пададзены віцебскі адрас, па якім можна знайсьці адэптаў вучэньня — той самы, дзе васьмёра віцяблян зьбіраліся 15 сакавіка.

Сьвятлана і Ларыса, пакараныя Кастрычніцкім судом за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным сходзе, ніяк не камэнтуюць наяўнасьць на афіцыйным сайце прыхільнікаў «Сынтэзу Фа» іхных асабістых дадзеных.

Паводле тлумачэньня Сьвятланы, у 2016 годзе яны спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю «Мэтагаляктычны цэнтар Віцебск», мэтай якой была б асьветніцкая дзейнасьць. Але ў рэгістрацыі адмовілі праз тое, што ў дзейнасьці арганізацыі былі заўважаны прыкметы рэлігійнага характару. Пазьней некаторыя з заснавальнікаў сталі сябрамі новай арганізацыі «Время жить». Яе зарэгістравалі, аднак яна праіснавала нядоўга і была закрытая праз неадпаведнасьць дзейнасьці статутным мэтам.

Спадарыня Сьвятлана кажа, што ў яе сяброў ёсьць намер стварыць новую арганізацыю з адукацыйна-асьветніцкімі мэтамі.

«Як чалавек законапаслухмяны, я ня бачу іншай магчымасьці зьбірацца зь сябрамі на законных падставах. Ну хіба яшчэ застаецца стварыць сваю партыю. Магчыма, гэта нават прасьцей, чымсьці зарэгістраваць арганізацыю і нічога не парушыць».

Цяпер Сьвятлана і Ларыса разважаюць, ці варта абскарджваць пастанову суду, які прызнаў іх парушальніцамі закону аб масавых мерапрыемствах.

Абедзьве спадарыні ня лічаць, што яны ў чымсьці вінаватыя, і акцэнтуюць увагу на абсурднасьці сытуацыі з судовым пакараньнем. Але ў апошні момант перад публікацыяй гэтага матэрыялу яны папрасілі не агучваць сваіх прозьвішчаў і не разьмяшчаць у інтэрнэце іхных фотаздымкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG