Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэнзураваць інтэрнэт — кепская стратэгія». Футуроляг Курзвайл ацаніў пэрспэктывы Беларусі


Рэй Курцвэйл
Рэй Курцвэйл

У Беларусі такія ж шанцы на посьпех, як ва ўсіх іншых — так можна падсумаваць меркаваньне сусьветна значнага вынаходніка і футуроляга наконт магчымасьцяў Беларусі на сусьветным рынку.

У Беларусь на форум Hi-Tech Nation Рэй Курзвайл не прыляцеў. Лекцыю са сваімі знакамітымі прагнозамі прачытаў у выглядзе 3D-галяграмы. Распавёў, што ў наступнае дзесяцігодзьдзе людзі пачнуць друкаваць сабе ежу, адзеньне і дамы на 3D-прынтарах. А ў 2030-я пераадолеюць большасьць вядомых хваробаў і інфэкцыяў, значна павялічыўшы працягласьць жыцьця.

Больш падрабязна з прагнозамі Курзвайла можна пазнаёміцца на ягоным сайце. Але некаторыя ягоныя ідэі тычыліся Беларусі.

Пра цэнзуру ў інтэрнэце і блякаваньне сайтаў

Геніяльнасьць інтэрнэту ў тым, што ён адкрыты і свабодны, даступны кожнаму. Сапраўды, ва ўрадаў ёсьць магчымасьць блякаваць, цэнзураваць свабоднае выказваньне. Гэта вялікая праблема. Важна, што Беларусь, як і ўсе краіны, мае свабодны інтэрнэт. Бо сёньня посьпех і перавагі маюць тыя краіны і грамадзтвы, якія свабодна абменьваюцца інфармацыяй.

Палітыка і палітыкі дагэтуль важаць. Але тут як раз той выпадак, калі кожны можа выказацца, бо мець свабодны доступ да ведаў — важна для кожнага. Таму гэта тое, за што мусіць змагацца ўсё грамадзтва.

Пра тое, як зьменіцца сыстэма палітычнага кіраваньня ў будучыні

Згадаю важны фактар, які трэба мець на ўвазе: дзякуючы інфармацыйным тэхналёгіям мы маем усё лепшыя і лепшыя прадукты за ўсё меншыя грошы. Нядаўна я размаўляў з Крыстын Лягард (дырэктар Міжнароднага валютнага фонду — РС.). Ад яе гучала, што «інфармацыйныя тэхналёгіі — гэта ўсё добра, але вы ня можаце іх есьці, вы ня можаце іх надзець, вы ня можаце ў іх жыць». І я адказаў, што ўсё гэта памяняецца. Ежа, адзеньне, дамы — усё гэта стане інфармацыйнай тэхналёгіяй.

Капіталізм прадугледжвае свабоду эканамічных рашэньняў. Але мусіць прысутнічаць пэўнае рэгуляваньне, каб захаваць чыстае навакольле ці клапаціцца пра людзей з інваліднасьцю, пра сталых людзей, мы мусім даваць дзецям адукацыю. Таму патрэбны балянс паміж рухальнай ідэяй капіталізму і неабходнасьцю клапаціцца пра людзей.

8 дзён таму я зрабіў прагноз пра тое, што ў 2030-х гадах мы будзем мець унівэрсальны базавы прыбытак. У розных краінах мы маем розныя праграмы дапамогі, але ўсё гэта вельмі дэзарганізавана. Ідэя ўнівэрсальнага базавага прыбытку палягае ў тым, каб прапанаваць прыбытак не настолькі вялікі, каб мець «каралеўскае» жыцьцё, але дастатковы, каб забясьпечыць падставовыя патрэбы чалавека. Цяпер гэта спрэчнае пытаньне, але ў той час яно ўжо ня будзе такім. Мы ўжо вытрачваем грошы на сацыяльную бясьпеку. Але з-за вось гэтага значнага падзеньня коштаў на тавары (дзякуючы інфармацыйным тэхналёгіям — РС.) мы зможам сабе дазволіць гэты базавы прыбытак.

Спаборніцтва за новыя ідэі, пошук сэнсу жыцьця будзе працягвацца. Але я веру, што базавыя патрэбы будуць задаволеныя праз гэтае спалучэньне эканамічнага спаборніцтва і сацыяльнай бясьпекі.

Пра тое, што будзе матываваць чалавека да разьвіцьця, калі ён будзе жыць доўга і мець базавы прыбытак

Ёсьць меркаваньне, што гранічнасьць жыцьця надае яму сэнс. Нібыта жыцьцё мае сэнс менавіта таму, што яно кароткае. Я лічу, што хуткабежнасьць жыцьця як раз пазбаўляе яго сэнсу.

Сьмерць не надае жыцьцю сэнсу. Калі хтосьці памірае — гэта трагічная страта. Страта стасункаў, ведаў, уменьняў, мэтаў. Усе сэнсы, якія мы надавалі жыцьцю, зьнікаюць. Людзі кажуць, што яны страцілі частку сябе, і гэта праўда. Калі памірае той, каго мы любім, для нас гэта ня сьвята, гэта трагедыя. І гэта правільная рэакцыя. Лепшы спосаб перамагчы сьмерць — зразумець яе як трагедыю.

Сэнс і мэта жыцьця ў тым, што ты можаш у гэтым жыцьці зрабіць. Напісаць музыку, быць пісьменьнікам, прадукаваць ідэі, распрацоўваць навуку, тэхналёгіі, мець стасункі зь іншымі людзьмі, любіць кагосьці. Вось што прыдае жыцьцю сэнс. Сьмерць усяму гэтаму перашкаджае.

Нават калі жыцьцё будзе даўжэйшым, час усё адно абмежаваны, бо ўсё паскараецца, і ня толькі сьмерць абмяжоўвае наш час. Ёсьць спаборніцтва ў ідэях, камунікацыі, усё гэта адбываецца ўсё хутчэй. Нашыя дывайсы робяць нас усё разумнейшымі, і мы можам рабіць усё нашмат хутчэй. Таму змаганьне за час усё адно застаецца, і няма патрэбы прыпісваць сэнс жыцьця сьмерці.

Пра тое, як Беларусі дасягнуць посьпеху

У Беларусі вельмі добрая пазыцыя ў час інфармацыйнай эры. Часам кажуць, што Беларусь, маўляў, не марскі порт і мае іншыя недахопы на глябальным рынку. Але наш посьпех на глябальным рынку ўжо не залежыць ад таго, ці ёсьць у нас той марскі порт.

Наш посьпех залежыць ад ідэяў, тэхналёгій, праграмнага забесьпячэньня, адукацыйных рэсурсаў. Кожнай краіне гэта па сілах. Вырашальная стратэгія — захаваць адкрыты доступ да інфармацыйных рэсурсаў. Таму цэнзураваць інтэрнэт — кепская ідэя. Посьпех Беларусі на сусьветным рынку ў тым, каб захаваць свабодную і адкрытую камунікацыю, інвэставаць у адукацыю, якая таксама залежыць ад даступнасьці і адкрытасьці гэтых рэсурсаў.

Я падкрэсьлю значэньне бізнэс-сэктару. Важна заахвочваць памкненьне невялікай супольнасьці людзей сабрацца разам і заснаваць кампанію з новай ідэяй. Такіх прыкладаў вельмі шмат. Кітай шмат інвэстуе ў свой бізнэс-сэктар. Для гэтага ня трэба шмат рэсурсаў, патрэбна адпаведнае стаўленьне, вера ў будучыню, аптымізм.

У Беларусі шмат талентаў, ёсьць разьвітая адукацыя. Таму трэба быць упэўненым і інвэставаць у пасьпяховыя бізнэсы, якія ствараюць новыя веды.

Рэйманд Курзвайл — амэрыканскі вынаходнік і футуроляг. Працуе над сыстэмамі распазнаваньня мовы. Сусьветна вядомы прагнозамі адносна будучыні чалавецтва з улікам разьвіцьця штучнага інтэлекту. З 2012 — тэхнічны дырэктар карпарацыі Google.

Кроў, сьмерць і драйв на выступе Віктара Пракапені ў Менску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG