Дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Болтан абмеркаваў двухбаковыя дачыненьні з амбасадарам Расеі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Для паляпшэньня двухбаковых адносінаў Расеі неабходна зьняць занепакоенасьць ЗША з нагоды меркаванага ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары, замаху на былога двайнога агента ў Вялікай Брытаніі і ролі Масквы ў падзеях у Сырыі і Ўкраіне.
Гэта заявіў расейскаму амбасадару Анатолю Антонаву дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Болтан. Іх першая сустрэча адбылася ў чацьвер у Белым доме. У заяве Белага дома гаворыцца, што Болтан і Антонаў «абмеркавалі стан стасункаў паміж ЗША і Расеяй».
«Болтан падкрэсьліў, што паляпшэньне адносінаў адпавядае інтарэсам і ЗША, і Расеі, аднак гэта запатрабуе зьняцьця нашай занепакоенасьці з нагоды ўмяшаньня Расеі ў (амэрыканскія. — РС) выбары 2016 году, безадказнага прымяненьня хімічнай зброі ў Вялікай Брытаніі і сытуацый у Сырыі і Ўкраіне», — гаворыцца ў заяве.
Пра тое, якім менавіта чынам павінна быць ліквідаваная гэтая «занепакоенасьць», у дакумэнце не тлумачыцца.
Урад ЗША абвінавачвае Расею ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году, а таксама падтрымлівае ацэнку Вялікай Брытаніі, згодна зь якой Расея, верагодна, ужыла нэрвова-паралітычнае рэчыва «Навічок» пры замаху на былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля.
Расея абодва абвінавачаньні рашуча абвяргае.
Гаворачы пра Сырыю, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт 19 красавіка падкрэсьліла, што Злучаныя Штаты валодаюць дакладнай інфармацыяй пра тое, што Расея і Сырыя спрабуюць «правесьці санітарную апрацоўку» месцаў меркаванага прымяненьня хімічнай зброі ў Думе, адначасова імкнучыся затрымаць доступ інспэктараў з Арганізацыі забароны хімічнай зброі да месца меркаванага злачынства. У сувязі з пазыцыяй Масквы ў сырыйскім канфлікце ЗША разглядаюць магчымасьць увядзеньня новых санкцыяў супраць Расеі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў журналістам 18 красавіка, што «ніхто не займае больш жорсткай пазыцыі ў дачыненьні Расеі, чым прэзыдэнт Дональд Трамп», і што ЗША ўвядуць новыя санкцыі супраць расейскага ўраду, «як толькі яны іх заслужаць».