На 18 красавіка ў Беларусі дзейнічаюць 1217 суб’ектаў гаспадараньня з удзелам брытанскага капіталу. Праўда, гэта не буйныя кампаніі. Галоўныя сфэры іх дзейнасьці — аптовы гандаль цыгарэтамі, сьпіртовымі напоямі, касмэтыкай. Некаторыя займаюцца вытворчасьцю запасных частак для аўтамабіляў, машынабудаваньнем.
Гэтыя дадзеныя паведаміла дэпутатам Палаты прадстаўнікоў намесьнік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая. Яна прадстаўляла ім Канвэнцыю паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Паводле чыноўніцы, гэты дакумэнт мае тры галоўныя мэты.
Першая — прыцягнуць у Беларусь яшчэ болей кампаній з брытанскім капіталам.
Другая — пазьбегнуць падвойнага падаткаабкладаньня.
Трэцяя — абменьвацца любой інфармацыяй, якая тычыцца рахункаў грамадзян Брытаніі ў беларускіх банках і грамадзян Беларусі ў брытанскіх.
Канвэнцыя была падпісаная 26 верасьня 2017 году ў Менску.
Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў яе ратыфікавалі.