Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У віцебскіх Курапатах зьявіліся памятныя шыльды ў гонар расстраляных мастакоў


Ініцыятыва «Хайсы — віцебскія Курапаты» ушанавала памяць ахвяраў сталінізму і добраўпарадкавала месца масавых расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, дагэтуль не прызнанае мэмарыяльным мясцовымі ўладамі.

Талака ў мясьцінах памяці

У лесе каля вёскі Хайсы, дзе ўвосень 2014 году былі знойдзены разварушаныя «чорнымі капальнікамі» масавыя пахаваньні і чалавечыя парэшткі, прайшла талака па добраўпарадкаваньні. Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» ушанавалі памяць забітых тут ахвяраў сталінізму — усклалі кветкі, запалілі сьвечкі.

Ужо некалькі гадоў у гэтым леcе ствараецца самаробны мэмарыял. Тут зьявілася ўжо больш за 30 мэмарыяльных крыжоў. На некаторых — імянныя шыльдачкі ў памяць пра расстраляных пад Віцебскім людзей, імёны якіх удалося вызначыць, а лёсы — хаця б часткова адсачыць у выніку прыватных пошукаў і навуковых дасьледаваньняў.

Памяць пра віцебскіх мастакоў, месца забойства якіх невядомае

Новыя шыльды зь імёнамі зьявіліся ў расстрэльным лесе пасьля чарговай талакі. Гэта шыльды зь імёнамі расстраляных віцебскіх мастакоў, абвінавачаных у супрацоўніцтве з прыдуманай супрацоўнікамі НКУС структурай — «Польскай арганізацыі вайсковай». Паводле такога самага абвінавачаньня, толькі ў адну ноч зь імі былі расстраляныя больш за 100 чалавек, нагадаў прысутным Ян Дзяржаўцаў, стваральнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты».

«Мы ўшаноўваем сёньня памяць пра расстраляных мастакоў і выкладчыкаў віцебскай мастацкай вучэльні Янку Гаўрыса, братоў Пятра і Хрыстафора Дваркевічаў, Яфіма Мініна. Яны маглі б прынесьці славу беларускаму мастацтву, але былі расстраляныя паводле прыдуманага абвінавачаньня разам зь іншымі прадстаўнікамі мясцовай інтэлігенцыі», — сказаў Дзяржаўцаў.

Талака ў віцебскіх Курапатах
Талака ў віцебскіх Курапатах

Яфім Мінін быў вядомым графікам, адным з пачынальнікаў новага беларускага эксьлібрысу. Янка Гаўрыс — мастаком-авангардыстам, які імкнуўся спалучыць у сваіх карцінах ідэі супрэматызму зь беларускімі этнаграфічнымі матывамі. Старэйшы з братоў Даркевічаў, Пётар, быў ня толькі мастаком, але й мастацтвазнаўцам — аўтарам навуковых артыкулаў па тэорыі новага, пасьлярэвалюцыйнага мастацтва. Малодшы, Хрыстафор, быў майстрам жывапісу: пісаў партрэты знакамітых сучасьнікаў і папярэднікаў, маляўнічыя віцебскія краявіды, рабіў фрэскі для гарадзкіх адміністрацыйных будынкаў. Амаль нічога з творчай спадчыны гэтых мастакоў не дайшло да нашчадкаў.

Па дапамогу ва ўшанаваньні памяці зьвяртаюцца сваякі

Але гэтую праўду хочуць ведаць нашчадкі расстраляных. На іхную просьбу ў лесе пад Хайсамі зьявілася і мэмарыяльная шыльда ў гонар Антона Шпеліса, асуджанага за нібыта шпіянаж на карысьць Латвіі. У 2015-м годзе да віцебскіх актывістаў зьвярнуліся ягоная дачка і пляменьніца, якія прыяжджалі на расстрэльнае месца пад Віцебскам, каб узяць адтуль зямлі ды завезьці на могілкі, дзе пахаваная жонка расстралянага. Цяпер родныя ўсталявалі там і помнік.

Ян Дзяржаўцаў прымацоўвае шыльду ў памяць Антона Шпеліса
Ян Дзяржаўцаў прымацоўвае шыльду ў памяць Антона Шпеліса

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» могуць распавесьці шчымлівыя гісторыі, якімі дзеляцца зь імі сем’і ахвяраў сталінскага тэрору. У пасьведчаньнях аб рэабілітацыі сваякі бачаць толькі кароткі надпіс «расстраляны ў Віцебску» або «пад Віцебскам». Указаньня канкрэтных мясьцінаў дагэтуль таямніца, схаваная ў архівах КДБ.

Мясцовыя ўлады ігнаруюць існаваньне віцебскіх Курапатаў

Пра сталінскія расстрэлы ў лесе пад Хайсамі актывісты сабралі шмат сьведчаньняў мясцовых старажылаў, якія памятаюць пра масавыя забойствы ці з уласнага дзяцінства, ці з аповедаў старэйшых сваякоў. Улады не прызнаюць гэтае месца мэмарыяльным, а за ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінізму караюць: сёлета за працу па стварэньні мэмарыялу быў аштрафаваны сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Тут двойчы працаваў пошукавы батальён № 52, з раскапаных ямін салдаты дасталі шмат чалавечых костак і чарапоў з кулявымі адтулінамі. Парэшткі склалі ў вялікія мяхі, гэтаксама як і фрагмэнты адзеньня і абутку, якія дагэтуль можна ўбачыць у расстрэльным лесе.

Частку рэчаў, паводле афіцыйных зьвестак, амаль год таму адправілі на экспэртызу. Высновы экспэртаў ад актывістаў ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» хаваюць. У 2015 годзе частку парэшткаў, сабраных у лесе пад Хайсамі, па рашэньні мясцовых уладаў пахавалі на брацкіх могілках як «ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG