Хто і як бамбіў Сырыю, што адбываецца вакол канфлікту зараз — Свабода сабрала адказы на галоўныя пытаньні пра начныя авіяўдары і іх наступствы.
Раніцай у суботу ўзброеныя сілы ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі нанесьлі ўдары па шэрагу аб’ектаў у Сырыі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп асабіста заявіў пра атаку. Па розных дадзеных было выпушчана ад 30 да 103 ракетаў. Па папярэдніх зьвестках пацярпелі тры жыхары Сырыі, інфармацыі пра загінулых няма.
Што вядома пра ўдары
Атака пачалася ў 3:42 раніцы (па менскім часе) і працягвалася да 5:10. Па розных зьвестках было выкарыстана ад 30 да 103 ракетаў, у ліку якіх «Тамагаўк».
Сырыйсія сілы супрацьпаветранай абароны перахапілі 71 крылатую ракету. Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сіл Расеі генерал-палкоўнік Сяргей Рудзкі. Пры гэтым сырыйскія аэрадромы, па якіх быў нанесены ўдар, не пацярпелі.
Расейскае міністэрства абароны паведамляла, што ўдары наносіліся з двух караблёў ВМС ЗША з Чырвонага мора, тактычнай авіяцыяй над акваторыяй Міжземнага мора, а таксама амэрыканскімі стратэгічнымі бамбавікамі B-1B з раёна Гэт-Танф.
У сваю чаргу сырыйскія ўзброеныя сілы выкарыстоўвалі сродкі СПА С-125, С-200, «Бук» і «Квадрат» для абароны ад ракеты. Большасьць сырыйскай ваеннай тэхнікі была выраблена яшчэ ў савецкія часы.
Чаму пачалося бамбаваньне Сырыі
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп патлумачыў, чаму былі выпушчаныя ракеты па Сырыі.
«У мінулую суботу рэжым Асада зноў выкарыстаў хімічную зброю для масавага забойства нявінных грамадзянскіх асоб — на гэты раз у горадзе Думе, недалёка ад сырыйскай сталіцы, Дамаска. Гэта бойня стала значнай эскаляцыяй у выкарыстаньні хімічнай зброі гэтым жахлівым рэжымам.
Суграмадзяне-амэрыканцы, нядаўна я загадаў узброеным сілам Злучаных Штатаў пачаць нанясеньне высокадакладных удараў па цэлях, зьвязаных з хімічнай зброяй сырыйскага дыктатара Башара Асада.
У 2013 годзе прэзыдэнт Пуцін і ягоны ўрад абяцалі сьвету, што яны гарантуюць ліквідацыю хімічнай зброі Сырыі. Нядаўняя атака Асада — і сёньняшняя рэакцыя — зьяўляюцца прамым вынікам таго, што Расея ня выканала гэта абяцаньне».
Нагадаем, што 7 красавіка ў сырыйскім горадзе Дума, па дадзеных сырыйскай апазыцыі, адбылася хімічная атака, у выніку якой загінулі ад 40 да 175 чалавек.
Якія былі цэлі абстрэлаў
Паводле інфармацыі газэты «Коммерсант», ракеты кааліцыі трапілі ў наступныя аб’екты:
- Штаб Рэспубліканскай гвардыі. Батальён 105 (Дамаск)
- База СПА, разьмешчаная пад гарой Касьюн (Дамаск)
- Аэрапорт Меза (Дамаск)
- Аэрапорт Ад-Думейр (Усходняя Гута)
- Навукова-вайсковы цэнтар у Барзе (раён Дамаску)
- Штаб-кватэра навуковага цэнтру ў Джамрая ў прадмесьці Дамаску
- Батальён 41-га спэцназу (прадмесьце Дамаску)
- Вайсковыя падразьдзяленьні ў Каламуне (паўночнае прадмесьце Дамаску)
- Вайсковыя аб’екты ў Кісве (прадмесьце Дамаску)
- Вайсковыя склады ў Хомсе
Ці ёсьць пацярпелыя сярод цывільнага насельніцтва
На брыфінгу ў Пэнтагоне ваеннае кіраўніцтва ЗША заявіла, што ўсе намечаныя ваенныя цэлі ў Сырыі былі пасьпяхова зьнішчаныя.
Паводле інфармацыі Міністэрства абароны ЗША, пры ракетных ударах па аб’ектах хімічнай інфраструктуры рэжыму Асада цывільнае насельніцтва не пацярпела.
Як адрэагавала міжнародная супольнасьць
Амбасадар Расеі ў ЗША Анатолій Антонаў наракае, што папярэджаньні Расеі засталіся не пачутымі.
«Ажыцьцявіўся загадзя напісаны сцэнар. І зноў, нам пагражаюць. Мы папярэджвалі, што падобныя дзеяньні не застануцца без наступстваў. Уся адказнасьць за іх кладзецца на Вашынгтон, Лёндан і Парыж».
З асуджэньнем удараў выступілі Уладзімір Пуцін, улады Ірану, Кітаю.
У сваю чаргу Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя, Турэччына віталі рашэньне абстраляць вайсковыя аб’екты ў Сырыі.
«Гаворка не ідзе пра ўмяшаньне ў грамадзянскую вайну. Гаворка ня йдзе пра зьмену рэжыму. Гаворка ідзе пра абмежаваныя і прыцэльныя ўдары, падчас якіх зроблена ўсё, каб пазьбегнуць наступстваў для мірнага насельніцтва і якія не прывядуць да далейшай эскаляцыі супрацьстаяньня ў рэгіёне», — заявіла прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй у сваім відэазвароце.
Эўразьвяз заклікае ўсе краіны, асабліва Расею і Іран, выкарыстоўваць свой уплыў для таго, каб прадухіліць далейшае ўжываньне хімічнай зброі, асабліва сырыйскім рэжымам. Пра гэта гаворыцца ў заяве галоўнага дыплямата Эўразьвязу Фэдэрыкі Магерыні.
Яна падкрэсьліла прыхільнасьць ЭЗ палітычнаму ўрэгуляваньню сырыйскага канфлікту, заклікала да выкананьня ўсіх пагадненьняў аб спыненьні агню і дапусьціла ўзмацненьне жорсткасьці санкцый.
Што думае на гэты конт Беларусь
«Рэспубліка Беларусь рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сырыйскай Арабскай Рэспублікі 14 красавіка 2018 года, — такое паведамленьне распаўсюдзіла прэс-служба беларускага МЗС. — Тым самым сытуацыя ў Сырыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, што небясьпечна далейшай некантралюемай эскаляцыяй, якая выходзіць за рамкі рэгіёну».
Што вядома пра пазачарговую сэсію Рады бясьпекі ААН, АДКБ і NATO
Расея склікала надзвычайнае паседжаньне Рады бясьпекі ААН, каб абмеркаваць дзеяньні ЗША і іх хаўрусьнікаў. Пра гэта заявіў Уладзімір Пуцін. Паводле яго словаў, удар па краіне, якая супрацьстаіць тэрарызму быў нанесены ў парушэньне статуту ААН і міжнароднага права.
«Расея самым сурʼёзным чынам асуджае напад на Сырыю, дзе расейскія вайскоўцы дапамагаюць законнаму ўраду ў барацьбе з тэрарызмам», — сказаў Пуцін.
Тут можна глядзець трансьляцыю з паседжаньня Рады бясьпекі ААН.
«За» праект прагаласавалі толькі тры краіны, уключаючы Расею. Восем краін выказаліся супраць, яшчэ чатыры ўстрымаліся.
Таксама Расея склікала экстранае паседжаньне пастаяннай Рады Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізістан, Расея і Таджыкістан.
Столтэнбэрг зрабіў заяву пасьля пасяджэньня Паўночнаатлянтычнай рады — галоўнага палітычнага органу NATO. Паводле генэральнага сакратара, краіны NATO не імкнуцца да эскаляцыі і заклікаюць Расею паўплываць на Дамаск, каб ён вярнуўся за стол перамоваў аб урэгуляваньні ў Сырыі.
Ці ёсьць доказы знойдзенай хімічнай зброі
Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) у суботу пачынае місію «па ўстанаўленьні фактаў» у сырыйскай Думе, дзе, як мяркуецца, была ўжытая хімічная зброя.
Арганізацыя пацьвердзіла, што спэцыялісты працягнуць працу, нягледзячы на начныя атакі.
Расейскі ўлады сьцьвярджаюць, што ўдары былі нанесеныя раніцай у суботу, каб стварыць складанасьці для місіі АЗХЗ, якая сёньня пачынае сваю працу ў Думе.
Ці будуць працягвацца авіяўдары
Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс падкрэсьліў, што тры краіны «адправілі выразны мэсэдж Асаду і яго спадарожнікам-забойцам», што за любую наступную хімічную атаку яны будуць несьці адказнасьць. Паводле яго словаў, сёньняшні ўдар «дэманструе міжнародную рашучасьць» і папярэджаньне, што ніхто ні пры якіх абставінах ня можа так парушаць міжнароднае права.
Мэціс таксама заявіў, што новых удараў па Сырыі не плянуецца.
Абмежаваны ўдар па Асадзе. Ці будзе працяг?
Ці будзе ваенны адказ Расеі
Сяргей Рудзкі лічыць, што цяпер Расея можа вярнуцца да пытаньня аб пастаўках у Сырыю зэнітных ракетных сыстэм С-300.
«Некалькі гадоў таму, улічваючы настойлівую просьбу некаторых нашых заходніх партнэраў, мы адмовіліся ад паставак у Сырыю зэнітных ракетных сыстэмаў С-300. З улікам таго, што адбылося, лічым магчымым вярнуцца да разгляду гэтага пытаньня. І ня толькі ў дачыненьні да Сырыі, але і іншых дзяржаў», — сказаў генэрал.