У Дзярждуму Расеі раніцай у пятніцу быў унесены праект закону «супраць санкцый ЗША». Ён уводзіць меры ў адказ, «у сувязі з недружалюбнымі дзеяньнямі ЗША» і ў адказ на тое, што ЗША на пачатку красавіка наклалі санкцыі на некалькі расейскіх кампаній, а таксама бізнэсоўцаў і чыноўнікаў, блізкіх да Крамля, і забаранілі весьці зь імі справы і інвэставаць у іх бізнэс.
Як расказаў першы віцэ-спікер Дзярждумы Расеі Іван Мельнікаў, законапраект уводзіць абмежаваньні на працу ў Расеі грамадзян ЗША і «іншых дзяржаў, якія прытрымліваюцца такой жа палітыкі».
Забарона на працу ў Расеі закране ў тым ліку высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія не падпадаюць пад квоты, якія выдзяляюцца працоўным мігрантам.
Таксама ў законе прадугледжаны:
- забарона ўдзелу грамадзян ЗША ў прыватызацыі дзяржаўнай і камунальнай маёмасьці ў РФ;
- магчымасьць вытворчасьці тавараў без дазволу праваўладальнікаў у ЗША і краінах, якія іх падтрымліваюць.
- забарона або абмежаваньні ўвозу сельгаспрадукцыі, сыравіны або харчаваньня, краінай паходжаньня якіх зьяўляюцца ЗША;
- забарона паставак алькагольнай і тытунёвай прадукцыі з ЗША;
- спыненьне або прыпыненьне міжнароднага супрацоўніцтва ў атамнай галіне з ЗША і «арганізацыямі, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША»;
- аналягічная забарона ў галіне авіябудаваньня і ў ракетна-рухальнай галіне;
- спыненьне супрацоўніцтва ў галіне вытворчасьці лекавых сродкаў і абмежаваньні закупак лекаў у амэрыканскіх кампаній;
- забарона на вываз грамадзянамі ЗША і амэрыканскімі кампаніямі з Расеі прадукцыі і абсталяваньня з рэдказямельных мэталяў;
- павышэньне збораў за аэранавігацыйнае абслугоўваньне паветраных судоў ЗША ў Расеі;
- абмежаваньні закупкі IT-тэхналёгій у кампаній з ЗША.
Апошняя забарона тычыцца закупак тэхналягічнага абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня «для дзяржаўных і муніцыпальных патрэбаў, а таксама патрэбаў асобных відаў юрыдычных асобаў». Якое менавіта абсталяваньне і праграмнае забесьпячэньне будзе забаронена закупляць — вызначыць урад РФ для мэтаў ажыцьцяўленьня закупак.
«Што датычыцца нашых грамадзян, то на іх ня будуць распаўсюджвацца абмежаваньні, калі яны нешта купляюць для сябе — лекі ці іншы тавар. Забарона ідзе на таварныя пастаўкі», — растлумачыў забароны лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі.
Жырыноўскі таксама паведаміў, што закон уводзіць сьпіс грамадзян ЗША, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Расіі: гэты сьпіс таксама будзе складаць урад. Яму ж дадзены паўнамоцтвы ўносіць у санкцыйны сьпіс любыя тавары, вырабленыя ў ЗША ці іншых дзяржавах і абмяжоўваць іх імпарт у РФ.
Ураду РФ і органам дзяржаўнай улады суб’ектаў РФ закон таксама загадвае прыцягваць у эканоміку РФ інвэстыцыі з замежных дзяржаў, якія «не падтрымліваюць дзеяньні ЗША і іншых замежных дзяржаў».
Раней кіраўнік фракцыі «Адзіная Расія» у Дзярждуме Сяргей Нявераў заявіў, што калі закон пра адказ Расеі на санкцыі ЗША будзе прыняты, гэта паслужыць стымулам для разьвіцьця галіновага рынку РФ.
«Ён адказвае прынятым рашэньням у дачыненьні да РФ і дазволіць нам разьвіваць нашы рынкі», — заявіў ён.
У канцы 2012 году Дзярждума прыняла так званы «Закон Дзімы Якаўлева», які быў адказам на прыняты ў ЗША «Закон Магніцкага» і забараняў уезд у ЗША людзям, якія маюць дачыненьне да сьмерці юрыста Сяргея Магніцкага і парушэньняў правоў чалавека ў РФ. Закон забараняў грамадзянам ЗША ўсынаўляць расейскіх дзяцей і стаў адным з яркіх прыкладаў асымэтрычнага адказу Расеі на амэрыканскія санкцыі.