Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо трэці кіроўца выйграў суд у Горадзенскага аўтапарку празь цяжкія ўмовы працы


Горадзенскі аўтапарк
Горадзенскі аўтапарк

За парушэньні ўмоваў працоўнага кантракту адміністрацыя Горадзенскага аўтапарку, прызнаўшы сваю віну ў судзе, выплаціла кампэнсацыю ўжо трэцяму кіроўцу, якога незаконна звольнілі з працы.

Горадзенскі аўтапарк здаўся трэці раз

Чарговы разгляд пазову да адміністрацыі Горадзенскага аўтапарку ў Кастрычніцкім судзе Горадні скончыўся на карысьць кіроўцы.

Паводле міравога пагадненьня адміністрацыя аўтапарку прызнала, што кіроўца Дзьмітры Юргель быў звольнены незаконна, і задаволіла ягоныя патрабаваньні. Цяпер у працоўнай кніжцы Юргеля замест запісу «з прычыны заканчэньня кантракту» зьявіцца новы: «за парушэньне наймальнікам умоваў дамовы і з выплатай трох сярэднямесячных акладаў».

Як і ягоныя калегі, Юргель прадставіў у судзе доказы таго, колькі ён мусіў перапрацоўваць без адпачынку, чым і парушаўся кантракт. І прывёў прыклады, калі яго прыцягвалі да прац па тэхнічным абслугоўваньні транспарту, але пры гэтым не забясьпечвалі спэцвопраткай, мыйнымі сродкамі — паводле яго, гэта таксама парушэньне кантракту.

Сёньня ў судзе прадстаўніца аўтапарку прадставіла дакумэнт, які сьведчыць, што на прадпрыемстве адміністрацыя выдала загад аб зьмене Юргелю запісу ў працоўнай кніжцы, а таксама аб выплаце кампэнсацыі ў памеры трох сярэднямесячных заробкаў. Грошы, як засьведчыла прадстаўніца аўтапарку, ужо пералічаныя на рахунак пазоўніка.

«Нашы кіраўнікі павінны навучыцца ставіцца да людзей па-людзку...»

Сёньня ў судзе Юргеля не было, бо адразу пасьля першага пасяджэньня ён зьехаў працаваць у Польшчу. Ягоныя інтарэсы прадстаўляў сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Анатоль Мышкевіч.

Перад адʼездам Юргель сказаў карэспандэнту Свабоды, што найболей і яго, і ягоных калегаў па працы не задавальняе стаўленьне адміністрацыі да рабочага чалавека.

Ён кажа, што быў адным з актывістаў, калі кіроўцы зьбіралі подпісы пад скаргай у адміністрацыю Лукашэнкі, у якой пісалі аб парушэньнях кантракту наймальнікам. І, паводле яго, адміністрацыя аўтапарку пачала перасьледаваць актыўных кіроўцаў, звальняючы іх.

Ніколі ніхто не запытае пра твае справы, а калі што ня так, то адразу: кантракт не працягнем

«Мы працуем цэлы тыдзень з адным выходным, часам і па 12 гадзін, а заробкі нам ніхто не падвышаў, — кажа Юргель. — Я атрымліваў па 800 рублёў, але што гэта за грошы за такую цяжкую працу бяз сну і адпачынку. Але найбольш нас усіх абурала стаўленьне кіраўніцтва да нас, пагарда зь іх боку. Ніколі ніхто не запытае пра твае справы, а калі што ня так, то адразу: кантракт не працягнем», — казаў Юргель.

Паводле горадзенца, яго, як і іншых звольненых кіроўцаў, папярэджвалі аб непрацягненьні кантракту за тры дні, хоць павінны рабіць гэта за месяц.

«Ніхто ня мог выказаць у бок кіраўніцтва аніякай крытыкі, — кажа Юргель, — хоць многія людзі там прапрацавалі больш як 20 гадоў».

Аўтапарк не хацеў прызнаваць патрабаваньні пазоўнікаў

Ва ўсіх трох справах адміністрацыя аўтапарку напачатку не прызнавала патрабаваньні кіроўцаў. Але ўжо падчас судовага працэсу ўсім траім прапаноўвалі разысьціся мірным шляхам.

Актывіст прафсаюзу РЭП Анатоль Мышкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што суд сваім рашэньнем вынес прыватнае вызначэньне адносна Горадзенскага аўтапарку, паводле якога юрыдычная асоба павінна выправіць выяўленыя парушэньні заканадаўства і паведаміць пра гэта суду. Рашэньне суду таксама будзе накіравана ў дэпартамэнт Дзяржаўнай інспэкцыі па працы для рэагаваньня.

Усё пачалося са спробы самагубства

Гісторыя канфлікту пачалася з таго, што адзін з кіроўцаў зрабіў спробу самагубства — спыніў на мосьце празь Нёман аўтобус з пасажырамі, выйшаў зь яго і скочыў з моста ў раку. Кіроўца застаўся жывы. Прычыны ягонага ўчынку дагэтуль застаюцца невядомымі. Але гісторыя на гэтым ня скончылася.

Група кіроўцаў Горадзенскага аўтобуснага парку накіравала ў адміністрацыю Лукашэнкі, пракуратуру, да мясцовых уладаў лісты са скаргамі на перапрацоўкі, малыя заробкі і цяжкія ўмовы працы. Аўтары тлумачылі, што такое жыцьцё і прывяло чалавека да спробы суіцыду.

Падпісантаў ліста пачалі звальняць з прычыны заканчэньня кантракту, але некаторыя адважыліся падаць у суд на адміністрацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG