Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супярэчлівы «альянс з разьлікам»: Расея, Турцыя і Іран спрабуюць плянаваць будучыню Сырыі


Хасан Рухані, Уладзімір Пуцін і Рэджэп Таіп Эрдаган у Сочы, 22.11.2017
Хасан Рухані, Уладзімір Пуцін і Рэджэп Таіп Эрдаган у Сочы, 22.11.2017

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін разам з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам і прэзыдэнтам Ірану Хасанам Рухані 4 красавіка ў Анкары сядзе за стол перамоваў пра будучыню Сырыі на найвышэйшым за пяць месяцаў узроўні.

Праблема ў тым, што даволі часта Расея, Турэччына і Іран выяўлялі супярэчныя прыярытэты і разьбежныя інтарэсы ў дачыненьні як для Сырыі, так і ўсяго рэгіёну.

Гэта, як кажуць многія дасьведчаныя назіральнікі і экспэрты, азначае, што сустрэча можа стаць хутчэй практыкаваньнем у піяры, чым месцам, дзе прымаюцца важныя палітычныя рашэньні.

«Мне няясна, аб чым яны могуць дамовіцца», — сказаў Марк Кац, спэцыяліст у праблемах Блізкага Ўсходу ва Ўнівэрсытэце Джорджа Мэйсана ў штаце Вірджынія.

Усе тры краіны маюць свае ўласныя інтарэсы ў Сырыі.

Тэгеран ўжо даўно падтрымлівае рэжым прэзыдэнта Башара аль-Асада і шыітаў-алавітаў, у якіх ён чэрпае падтрымку, але Іран — гэта яшчэ і вораг краіны NATO Турэччыны.

Масква падтрымлівае Іран эканамічна, у тым ліку ў некаторых яго ядзерных праграмах, а Сырыя — найбліжэйшы саюзьнік Масквы на Блізкім Усходзе.

Турэччына выступае супраць Асада, а таксама часта мелі канфлікты з Расеяй на працягу многіх стагодзьдзяў.

«З самага пачатку, гэты трохкутны саюз паміж Масквой, Анкарой і Тэгеранам — гэта саюз з разьлікам, — сказаў Марк П’ерыні, былы пасол Эўразьвязу ў Турэччыне, Сырыі, Лібіі і Тунісе. — Саюз гэты вельмі нязвыклы з увагі на іх супярэчныя інтарэсы».

Ёсьць яшчэ і Вашынгтон — які доўгі час быў дамінуючай сілай у блізкаўсходняй палітыцы — зь якім усе тры краіны маюць складаныя дачыненьні.

«Агульны назоўнік»

Іран дзесяцігодзьдзямі быў ворагам ЗША, і палкая рыторыка паміж Тэгеранам і Вашынгтонам яшчэ больш разгарэлася пасьля абраньня Дональда Трампа прэзыдэнтам. Турэччына — саюзьнік па NATO, які мае цяпер з Вашынгтонам напружаныя дачыненьні, у прыватнасьці, з прычыны падтрымкі Амэрыкай курдзкіх баевікоў, якія ваююць у Сырыі. А Расея глядзіць на Злучаныя Штаты больш менш так, як глядзеў Савецкі Саюз: як на геапалітычнага суперніка, якому трэба даваць адпор, дзе і калі гэта магчыма — іх двухбаковыя адносіны міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў апісяў як «горшыя, чым у часы халоднай вайны».

Тым ня менш, усе тры гэтыя краіны адначасова маюць патрэбу ў пэўнай прысутнасьці ЗША, каб збалянсаваць кампэнсацыйныя сілы: напрыклад, каб утрымаць Ізраіль ад больш рашучых дзеяньняў супраць сырыйскіх урадавых сілаў і іранскіх апалчэнцаў. Або, каб дапамагчы арганізаваць і фінансаваць намаганьні па аднаўленьні ў Сырыі пасьля таго, як канфлікт, нарэшце, скончыцца.

«На гэты момант выглядае, як быццам яны прымаюць усе рашэньні самі і, вядома ж, без удзелу Злучаных Штатаў. І ўсім ім падабаецца гэтая ідэя, яны робяць палітыку незалежна ад Злучаных Штатаў, у гэтым іхны галоўны агульны назоўнік», — сказаў Кац.

Ёсьць яшчэ той факт, што кожны з гэтых трох хоча вывесьці двох другіх з раўнавагі: Турэччына хоча стрымліваць Іран, але хоча, каб Асад сышоў; Расея хоча больш цесных сувязяў з Турэччынай, але і мае патрэбу ў Сырыі дзеля міжземнаморскай марской базы ў Тартусе; Іран хоча захаваць лініі забесьпячэньня Хізбалы ў Лібане і ўтрымаць Турэччыну ад уваходу ў Ірак.

«Яны, вядома, не зьбіраюцца казаць адны адным, што ў іх насамрэч у галаве, — сказаў Патрык Клоўсан, дырэктар дасьледаваньняў у Вашынгтонскім інстытуце блізкаўсходняй палітыкі. — Гэтая сустрэча будзе мець важныя наступствы, але ў ёй будуць закладзеныя і шмат рознагалосьсяў».

Астанінскі працэс

Апошняя сустрэча Пуціна з Раўхані і Эрдаганам адбылася ў лістападзе, у чарнаморскім курорце Сочы.

Названая Астанінскім працэсам — паводле сталіцы Казахстану, дзе тры краіны ўпершыню распачалі супольныя намаганьні — тая сустрэча, і тыя, што ёй папярэднічалі, мала чаго дасягнулі, і ў наступныя месяцы актывізаваліся ваенныя дзеяньні ў Сырыі, якія вядуцца ўсімі трыма бакамі і іх падтрымліванымі імі сіламі.

Сырыя, тым часам, працягвае праводзіць хімічныя атакі хімічнай на апазыцыйныя сілы ў цывільных раёнах, нягледзячы на глябальнае асуджэньне.

«Ніхто на Захадзе ня верыць, што Астанінскі працэс будзе мець трывалыя вынікі, так што давядзецца вярнуцца да сталоў перамоваў ААН у Жэнэве, а каб мець там плённыя дыскусіі, неабходная цьвёрдая, паслядоўная пазыцыя ЗША і цьвёрдая пазіцая з амэрыкана-эўрапейскай пэрспэктывы, якой не існуе», — кажа П’ерыні, дасьледнік з Carnegie Europe.

Між тым, дзеяньні Турэччыны і пацяпленьне яе адносінаў з Масквой, працягвае П’ерыні, былі матываваныя часткова ўнутранай палітыкай і нацыяналістычнымі палітыкамі, якія лічаць, што курды ўяўляюць сабою пагрозу турэцкай дзяржаве.

«Рэальная рызыка для Захаду ... палягае ў тым, што Іран і Расея могуць даць зялёнае сьвятло Турэччыне на пашырэньне яе апэрацыяў ва ўсходняй частцы Сырыі, на ўсход да Эўфрату, аж да Тыгр», — кажа П’ерыні. Там разьмешчана 2000 амэрыканскіх вайскоўцаў, якія дзейнічаюць разам з брытанскімі і францускімі падразьдзяленьнямі, а таксама курдзкімі баевікамі. «Гэта было б надзвычай складана», — сказаў ён.

Зьмена роляў

Што да Расеі, то яго дзеяньні ў Сырыі ўжо даўно складаюць частку стратэгіі, накіраванай на супрацьстаяньне Злучаным Штатам у важных геапалітычных крызісах, сказала расейская аналітык Вольга Олікер. Але гэта стварае рызыкі для Масквы.

«Здавалася, што падыход Расеі такі: супрацьстаяць ЗША, скажам, у Сырыі, а затым заключыць пагадненьне, а пасьля ўжо гэта агульная адказнасьць Але цяпер перад Расеяй стаіць такі варыянт. Расія супрацьстаіць ЗША — зноў жа, скажам, у Сырыі — ЗША выкруціцца, а Расея застаецца сама з Сырыяй на руках», — сказала яна ў гутарцы ў мінулым месяцы ў Інстытуце Кенана ў Цэнтры Вільсана ў Вашынгтоне.

«Расеі давядзецца прыдумваць канец гэтай гульні, а Злучаныя Штаты ў нейкім сэнсе згуляюць ролю падстаўнога гульца. Гэта зьмена роляў!» — сказала яна.

Стывен Кук, экспэрт базаванай у ЗША Рады міжнародных дачыненьняў, які засяроджваецца на арабскай і турэцкай палітыцы, сказаў, што, ня менш як што іншае, сустрэча ў Анкары будзе напамінам пра посьпех Расеі ў яе ўваходу ў вакуум, які застаўся пасьля выхаду Злучаных Штатаў з рэгіёну.

«У Сырыі расейцы прадэманстравалі палітычную волю і трываласьць, — напісаў ён на гэтым тыдні ў аналітычным артыкуле. — Гэта больш важна, чым, напрыклад, аб’ём расейскай эканомікі, які быў выкарыстаны ў якасьці індыкатару слабасьці Масквы».

«Расейцы не сыходзяць, у іх ёсьць стратэгія аслабленьня Захаду, і яна пачынаецца на Блізкім Усходзе. Акрамя таго, Маскву больш не абцяжарвае ідэалягічны багаж камунізму, і таму цяпер ёй лягчэй уварвацца ў гэты рэгіён», — падсумаваў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG