Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН зрабіў заяву пра затрыманьні на Дзень Волі


«Бясконцая хваля рэпрэсій утрымлівае грамадзтва ў стане пастаяннага паралічу», — напісаў спэцдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці ў заяве, апублікаванай на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, піша БелаПАН.

«На мінулых выходных улады ў Беларусі зноў зьдзейсьнілі масавыя парушэньні правоў грамадзян на мірныя сходы ў сталіцы, Менску, і па ўсёй краіне. Гэта сьведчаньне як сымбалічнай, так і практычнай адмовы прэзыдэнта краіны ад любога прагрэсу ў сфэры правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве спэцдакладчыка.

Мілаш Харасьці
Мілаш Харасьці

Харасьці адзначыў, што 25 сакавіка дэманстранты зьбіраліся адзначыць 100 год незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Больш за сотню грамадзкіх і палітычных актывістаў, у тым ліку Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў, а таксама журналісты «альбо не змаглі пакінуць свае кватэры, альбо былі затрыманыя падчас мітынгу».

Паводле спэцдакладчыка, іх абвінавацілі ў працэдуры арганізацыі масавага мерапрыемства паводле закону, які забараняе любыя грамадзкія сходы без дазволу ўладаў.

«Паведамленьні пра тое, што актывісты былі адвольна затрыманыя ў такіх гарадах, як Бабруйск, Брэст, Слуцак, Магілёў, павінны нагадваць нам, што рэпрэсіі ў Беларусі цэнтралізавана сплянаваныя і арганізаваныя ўладамі», — сказаў Харасьці.

Спэцдакладчык адзначыў, што 25 сакавіка былі затрыманыя і валянтэры пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», якія вялі маніторынг падзеяў у Менску.

Затрыманых у Менску дзяўчат-праваабаронцаў «цягалі за валасы, выкручвалі ім пальцы»

У заяве адзначаюцца таксама затрыманьні ў сакавіку 2017 году падчас мірных пратэстаў супраць дэкрэту № 3 аб сацыяльным утрыманстве.

У студзені 2018 году ўлады заблякавалі сайт Charter97.org, які вядомы як эпіцэнтар крытычных водгукаў на адрас ураду, — піша Харасьці. — Сьцьвярджалася, што сайт парушае закон аб СМІ, але ніякіх доказаў прыведзена не было.

Як адзначыў Харасьці, беларускія ўлады «па-ранейшаму трымаюць сваіх апанэнтаў у турмах, нягледзячы на запэўніваньні, што яны вызвалілі ўсіх палітычных зьняволеных». У прыватнасьці, спэцдакладчык зьвярнуў увагу на зьбіцьцё палітвязьня Міхаіла Жамчужнага іншым зьняволеным, таксама ён заклікаў вызваліць Жамчужнага і іншых «палітычных апанэнтаў».

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота
Палітвязень Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

Спэцдакладчык таксама заклікаў Беларусь спыніць прымяненьне сьмяротнага пакараньня. У заяве падкрэсьліваецца, што цяпер у статусе асуджаных да вышэйшай меры пакараньня знаходзяцца сем чалавек, двум зь іх прысуды былі вынесеныя ў студзені гэтага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG