Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лукашэнкі пачаўся «сындром Гарбачова»


Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч абвясьціў пра новую палітыку ягонага міністэрства што да несанкцыянаваных акцыяў:

«Ніводная акцыя, не санкцыянаваная ўладамі, не адбудзецца. А калі нават пачнецца, то будзе спыненая вельмі хутка, эфэктыўна, на падставе дзейнага заканадаўства».

Заява была зробленая пасьля сустрэчы міністра з кіраўніком дзяржавы, падчас якой Аляксандар Лукашэнка ня толькі ўхваліў рэпрэсіі на 25 сакавіка і ўзяў на сябе адказнасьць за іх, але і даў інструкцыю на будучыню: «Усякія несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, павінны спыняцца імгненна. Усе павінны разумець, што бардак пачынаецца з гэтага».

Такім чынам, пагрозы Шуневіча насамрэч зыходзяць з самага верху і азначаюць перагляд даволі доўгатэрміновай лініі, якая, з пэўнымі ваганьнямі і адхіленьнямі, праводзілася, бадай, зь лета 2015 году. Тады вызвалены з-за кратаў Мікола Статкевіч пачаў выводзіць людзей на вуліцы, нават не пытаючыся дазволу.

«Нашае стаўленьне да несанкцыянаваных мітынгаў трансфармавалася»

І здаралася неверагоднае — акцыі не разганяліся, удзельнікаў не хапалі і пасьля завяршэньня. Праўда, пры гэтым лідэрам пратэстаў давалі велізарныя штрафы, у некаторых у лік штрафаў нават апісвалі маёмасьць. Называць гэта свабодай сходаў і выказваньня не выпадала і не выпадае, але большай свабодай можна было і варта было назваць.

Калі прайшло некалькі такіх акцыяў у новым рэжыме, у сакавіку 2016 году той жа Ігар Шуневіч публічна абвясьціў, што новы парадак — гэта сапраўды новы парадак , а ня нейкі збой сыстэмы ці выпадковасьць, ня ласка, зробленая ad hoc для некалькіх акцыяў: «Ня буду спрачацца, што нашае стаўленьне да несанкцыянаваных мітынгаў трансфармавалася, зьмянілася рыторыка як вонкавая, так і ўнутраная. Ніводнае выступленьне не ігнаруецца, пратаколы складаюцца». Пратаколы складаюцца, але самі акцыі не разганяюцца — вось сутнасьць трансфармацыі.

Пры гэтым такая вольніца пашыралася не адно на акцыі, якія ладзіў Мікола Статкевіч і яго паплечнікі. Акцыяў індывідуальных прадпрымальнікаў (у тым ліку несанкцыянаваных) таксама не разганялі, «антыдармаедзкія» пратэсты па ўсёй краіне, што не былі арганізаваныя Статкевічам (акрамя адной 17 лютага 2017 году), не разганялі таксама. «Трансфармацыя» не была вытрыманая толькі на леташні Дзень Волі, калі разганялі, білі, затрымлівалі, як і ў мінулыя часы. Аднак і тыя падзеі ня сталі паваротным пунктам. І пасьля сакавіка 2017 году адбываліся несанкцыянаваныя акцыі, прынамсі, з нагоды вучэньняў «Захад-2017», і зь іх удзельнікамі абыходзіліся паводле «трансфармацыйнай» формулы — пратакол-штраф.

Зараз, гледзячы па ўсім, пераглядаецца самая формула, трансфармацыя мяняе кірунак на супрацьлеглы, пераглядаецца палітыка фактычна апошніх двух з паловай гадоў. І парадаксальным чынам хуткае вызваленьне ўвечары 25 сакавіка ўсіх затрыманых, нават ужо асуджаных на «суткі», — паказьнік менавіта таго, што парадак мяняецца. Маўляў, раней мы самі, улады, давалі вам зразумець, што ня будзем біць і саджаць. Ці прынамсі што можам і ня біць і не саджаць. Ну дык вось пачынаецца новы час і мы пачынаем яго з новага аркуша. На вечар 25 сакавіка за кратамі — нікога. Адлік пайшоў.

Лукашэнкаў «сындром Гарбачова»

Чаму адбылася такая зьмена? На паверхні — бо зьявіўся досьвед мітынгу-канцэрту ля Опэрнага. З гледзішча ўладаў, адбыўся падзел нават не апазыцыі, а той часткі грамадзтва, якая ўладу ў той ці іншай ступені не падтрымлівае. І больш радыкальная плынь гэтай часткі аказалася ў пэўнай ізаляцыі.

Вось уявім сабе, што прыхільнікі мітынгу-канцэрту сказалі б — бяз шэсьця адмаўляемся ад канцэрту. Ці нават — ня трэба канцэрту, гэта дзень гневу і пратэсту, не да сьпеваў і «весялухі». Ну і што было б у выніку? А тое, што на плошчу Якуба Коласа прыйшло б значна больш людзей, чым прыйшло ў рэале, пры наяўнасьці «канцэртнай» альтэрнатывы. Можна не без падставаў меркаваць, што прыйшлі б далёка ня ўсе і нават ня большая частка тых, хто прыйшоў да Опэрнага. Але некалькі тысячаў прыйшлі б, калі б плошча Якуба Коласа — шэсьце — было б адзінай акцыяй.

Ну а так — некалькі дзясяткаў, што і азначае пэўную ізаляцыю. У гэтай сытуацыі ёсьць спакуса скасаваць «хартыю вольнасьцяў», дадзеную яшчэ ў жніўні 2015 году. Захаду, меркаваньне якога тут вырашальнае, можна паказаць карцінку дазволенай альтэрнатывы. І ў заявах Захаду ацэнкі падзеяў 25 сакавіка былі дваістыя — асуджэньне рэпрэсіяў, але і ўхвала дазволенай акцыі. Гэта не суцэльнае асуджэньне.

Яшчэ адзін матыў, чаму паралельна з пэўным зьмякчэньнем пазыцыі (прыклад — дазвол на Опэрны) адбываюцца і замаразкі ў іншым, апісваецца паняцьцем кантролю. Гэткім «сындромам Гарбачова». Думаю, што ў атачэньні Лукашэнкі ці ў яго ўласнай сьвядомасьці былі пэўныя сумневы наконт дазволу на Опэрны. Зразумела, улада рабіла гэта ў сваіх інтарэсах (а хто што робіць насуперак ім?), але бывае, што рашэньні, якія прымаюцца ў сваіх інтарэсах, не пазбаўленыя рызыкі. І ня ў тым рэч, што ад Опэрнага пачалася б рэвалюцыя.

Лукашэнка памятае, як у перабудову спакваля пашыралася прастора дазволенага і дапушчальнага, на мове Лукашэнкі — страчваўся кантроль. І гэта бачылі і грамадзтва, і дзяржаўны апарат. А ён не хоча траціць кантролю і нават ствараць уражаньне, што ён яго можа страціць — вось пасланьне, якое ўяўляюць сабой і рэпрэсіі 25 сакавіка, і новая лінія МУС.

Ёсьць і яшчэ адно тлумачэньне — замежнапалітычнае. Каб мець добрыя стасункі з Захадам, трэба рабіць для яго нешта карыснае, быць добрым для яго. Але пры гэтым неканечне быць для яго добрым ва ўсім. Вось паехаў Лукашэнка ў Грузію, нагаварыў камплімэнтаў гаспадарам, зрабіў даволі недвухсэнсоўныя намёкі на прыналежнасьць Абхазіі да Грузіі. А міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей накіроўваецца ў Вялікую Брытанію ў разгар найвастрэйшага канфлікту паміж Лёнданам і Масквою. Ці падабаюцца гэтыя жэсты Маскве? Не. Ці падабаюцца яны Захаду? Так. Ну дык вось — так за так. Лукашэнка ўздыхае наконт Сухумі, Макей паціскае руку Джонсану, які параўноўваў Пуціна з Гітлерам, Шуневіч разганяе (прынамсі, зьбіраецца) недазволеныя акцыі.

Але галоўныя чыньнікі рашэньня што да гэтых акцыяў — безумоўна ўнутраныя. І мяркую, што ў бліжэйшы час, у прыватнасьці на гадавіну Чарнобылю, будзе зразумела, ці паўторыцца прэцэдэнт 25 сакавіка: «лапік» адноснай свабоды ў спалучэньні з больш жорсткімі, чым раней, парадкамі за межамі таго «лапіку», ці ня будзе і таго «лапіку», а проста круты перагляд парадкаў у бок больш жорсткіх.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG