Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігурант справы «Белага легіёну» Бяляўскі пра суд за патрон: «Прысуд перадузяты, буду абскарджваць»


Андрэй Бяляўскі
Андрэй Бяляўскі

Адзін зь фігурантаў справы «Белага легіёну» Андрэй Бяляўскі лічыць рашэньне суду ў дачыненьні яго «перадузятым».

Судзьдзя Марына Запасьнік сёньня агучыла вырак — 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, без канфіскацыі маёмасьці.

«Прысуд перадузяты, пакараньне неадэкватнае, — сказаў Андрэй Бяляўскі ў камэнтары для Радыё Свабода. — Натуральна, буду абскарджваць. За адзін патрон такое пакараньне — гэта занадта. Наогул зьдзіўлены, што для такой дробязі запусьцілі цэлую судовую машыну. Думаю, захацелі неяк пакараць на фоне папярэдняй справы».

Андрэя Бяляўскага судзілі за захоўваньне патрона ад аўтамату Калашнікава. Ён быў знойдзены сярод асабістых рэчаў падчас ператрусу пасьля ягонага затрыманьня ў сакавіку 2017 году. Бяляўскі сказаў, што захоўваў патрон у якасьці сувэніру.

Падчас працэсу 11 студзеня пракурор запатрабаваў для падсуднага пакараньне ў выглядзе 1 году «хатняй хіміі».

«У глыбіні душы быў гатовы, што пакараюць, — прызнаўся Андрэй Бяляўскі. — Аднак спадзяваўся, што ўсё ж улічаць 2,5 месяца пакараньня, якія я адбыў ў ізалятарах МУС і КДБ. Суд палічыў інакш...»

Андрэй Бяляўскі адзначыў, што неўзабаве разам са сваім абаронцам Вадзімам Мушынскім яны падрыхтуюць скаргу на вырак суду Ленінскага раёну Менску.

Колішні фігурант «справы патрыётаў» спадзяецца, што прысуд не адаб’ецца на ягоным жыцьці і прафэсійнай дзейнасьці. Як і да свайго леташняга затрыманьня, ён па-ранейшаму займаецца кампутарнай графікай, працуе аддалена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG