Супярэчлівае, нават парадаксальнае стаўленьне ўладаў да сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР абумоўлена адчуваньнем ёю небясьпекі ад беларускага нацыяналізму — магчыма, ня меншага, чым ад «русского мира».
Дэмакратычная грамадзкасьць годна адсьвяткавала 100-годзьдзе БНР. Называюць розныя лічбы тых, хто сабраліся каля Опэрнага тэатру: ад 18 да 50 тысяч. Цяжка палічыць больш дакладна, бо за шэсьць гадзін колькасьць людзей мянялася: адны сыходзілі, другія прыходзілі, народ увесь час рухаўся.
Гэты славуты юбілей, можа, больш, чым любая іншая падзея выявіў суцэльныя парадоксы, якія ляжаць у стаўленьні існага рэжыму да БНР, а калі шырэй — да праблемы беларускіх этнакультурных каштоўнасьцяў.
Пачнем з таго, што ў любой краіне гістарычны пункт адліку нацыянальнай дзяржаўнасьці зьяўляецца чыньнікам яднаньня грамадзтва, незалежна ад палітычных поглядаў. У Беларусі ўсё наадварот. Дзень Волі 25 сакавіка больш за іншыя сьвяты сымбалізуе глыбокі раскол і канфлікт беларускага грамадзтва. Як правіла, у гэты дзень улада ўжывае найбольш маштабныя рэпрэсіі супраць апазыцыі. Бо сьвята БНР выяўляе, падкрэсьлівае, дэманструе, што гэты раскол і канфлікт носяць ідэалягічны, каштоўнасны характар. А вядома, што такога кшталту канфлікты рэгулююцца, пераадольваюцца значна цяжэй, чым чыста палітычныя рознагалосьсі.
Чаму зьмянілася стаўленьне ўладаў да БНР
Эвалюцыя стаўленьня дзейнага рэжыму да самога фэномэну БНР з нэгатыўнага на нэўтральнае была абумоўлена аб’ектыўнымі чыньнікамі. За чвэрць стагодзьдзя пасьля распаду СССР у Беларусі зьявілася новае пакаленьне, якое ня мае ніякай настальгіі па савецкім мінулым. Людзей, якія жылі ў Савецкім Саюзе, становіцца ўсё менш. І, каб атрымаць падтрымку электарату маладога і сярэдняга ўзросту, А. Лукашэнку прыйшлося карэктаваць ідэалягічны канструкт, пашыраць прастору гістарычнай легітымнасьці за кошт калі і не прызнаньня, то, прынамсі, не адмаўленьня дасавецкага і несавецкага мінулага.
Другі фактар, які пацягнуў прыкметныя зьмены ў стаўленьні да БНР, стала вайна Расеі супраць Украіны. Ідэалягічнай асновай такой палітыкі Масквы стаў канцэпт «русского мира». Згодна зь ім, Расея мае права сілай абараняць інтарэсы людзей, якія размаўляюць па-расейску за межамі РФ.
Рэагуючы на гэтую сытуацыю, афіцыйны Менск спрабуе адмежавацца ад «русского мира». А для гэтага трэба спрабаваць фармаваць беларускую ідэнтычнасьць на нейкай новай, магчыма, этнакультурнай аснове. У выніку пачала рэалізоўвацца палітыка, якую СМІ ахрысьцілі як «мяккая беларусізацыя». Уласна кажучы, ня столькі самі ўлады сталі на шлях умацаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, колькі не перашкаджалі рабіць гэта грамадзянскай супольнасьці. У рамках гэтай палітыкі і выявілася больш пазытыўнае стаўленьне да БНР, чым раней. Таму ў Менску ўлады дазволілі мітынг і канцэрт у цэнтры гораду, каля Опэрнага тэатру. Таксама легальна прайшлі падобныя імпрэзы ў шэрагу іншых беларускіх гарадоў. Сталічныя ўлады афіцыйна адкрылі памятны знак у гонар ідэолягаў беларускай дзяржаўнасьці братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Таксама прайшлі выстава, круглы стол навукоўцаў, ток-шоў на ТВ.
Юбілей выявіў парадоксы і супярэчнасьці афіцыйнай палітыкі
Але тут для ўладаў паўстаў шэраг праблем. Прычым нэгатыўная рэакцыя Расеі — гэта не самая галоўная небясьпека.
Па-першае, значная частка беларускага грамадзтва займае больш прарасейскую пазыцыю, чым афіцыйны Менск. Таму для ўладаў ёсьць небясьпека, што ў выпадку больш рашучага адмежаваньня ад «русского мира» яна выкліча непаразуменьне з боку ўласнага электарату.
Па-другое, фармаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці прадугледжвае, што ў краіне будзе адбывацца працэс палітычнай мабілізацыі, хай і ў мяккай форме. І гэта небясьпечна для існага рэжыму. Бо ён трымаецца ня столькі на падтрымцы насельніцтва, колькі на апалітычнасьці, абыякавасьці, атамізацыі, дэмабілізацыі грамадзтва. А любы нацыяналізм азначае, наадварот, якраз мабілізацыю.
Па-трэцяе, у Беларусі так гістарычна склалася, што фармаваньне этнакультурнай ідэнтычнасьці, беларускага нацыяналізму адбывалася пад бел-чырвона-белым сьцягам. На гэта зьвярнуў увагу палітоляг Аляксандар Класкоўскі. Інакш кажучы, нацыянальна сьвядомая частка насельніцтва аўтаматычна аказваецца ў апазыцыі да цяперашняй улады. У выніку атрымліваецца, што, запусьціўшы працэс фармаваньня беларускай нацыі на этнакультурнай аснове, улада падрывае падмурак свайго ўласнага ўладараньня.
Лукашэнка разумее гэтыя небясьпекі ня столькі тэарэтычна, колькі інтуітыўна. Таму ён спрабуе выйсьці з гэтай супярэчнасьці звыклым спосабам. Кіраўнік дзяржавы імкнуцца ажыцьцявіць працэс фармаваньня беларускага патрыятызму пад жорсткім дзяржаўным кантролем, у строга абмежаваных рамках. Як трапна заўважыў мой калега Юры Дракахруст, улады імкнуцца рабіць «зь беларусаў так, каб яны гэтага не заўважылі».
Гэта якраз і выявілася падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР. З аднаго боку, улады дазволілі канцэрт і мітынг, а з другога, арыштавалі лідэраў апазыцыі, якія плянавалі арганізаваць шэсьце, а ў сам сьвяточны дзень міліцыя затрымала звыш 100 чалавек. Прычым імкненьне кантраляваць беларускі нацыяналізм, загнаць яго ў вузкія рамкі, у гета выявілася літаральна. Так, на самым сьвяце было дазволена карыстацца бел-чырвона-белымі сьцягамі, а калі людзі выходзілі зь імі за межы агароджы каля Опэрнага тэатру, іх хапалі міліцыянты.
І вонкава гэта сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР выглядала дзіўна. Беларускі народ цёпла павіншавалі са сьвятам прэзыдэнт Польшчы, міністар замежных спраў Літвы, многія паслы, акрэдытаваныя ў Беларусі. А Лукашэнка ў гэты ж час павіншаваў з Днём Незалежнасьці... народ Грэцыі. Больш анэкдатычную сытуацыю цяжка нават прыдумаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.