Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4G-апэратар аб праблемах з сувязьзю на #БНР100: «Фіксавалі павялічаную нагрузку, нараканьняў не было»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Удзень 25 сакавіка менчукі адзначалі праблемы з сувязьзю ў цэнтры гораду ва ўсіх апэратараў. Чаму на #БНР100 былі праблемы з сувязьзю, апэратары мабільнай сувязі не камэнтуюць.

У асноўным праблемы назіраліся ў раёне канцэрту ля Опэрнага тэатру, дзе праходзіла «Сьвята незалежнасьці», але таксама на плошчы Якуба Коласа, дзе плянавалася несанкцыянаванае шэсьце, падчас затрыманьняў. Кепска працавалі як сеткі 3G і 4G, так і часам нават 2G.

Пры гэтым асаблівыя праблемы мелі журналісты розных выданьняў: неаднаразова адзначалася, што журналіст мог ня мець ніякай сувязі, калі побач іншы абанэнт таго ж апэратара меў стабільную. У тым ліку журналісты мелі праблемы з сувязьзю праз адмысловыя апараты, якія выкарыстоўваюць некалькі SIM-картак розных апэратараў адначасова для перадачы трафіку.

Хуткасьць мабільнага інтэрнэту ад апэратару velcom падчас канцэрту ля Опэрнага тэатру (фота 1) і за 500 мэтраў ад яго (фота 2)
Хуткасьць мабільнага інтэрнэту ад апэратару velcom падчас канцэрту ля Опэрнага тэатру (фота 1) і за 500 мэтраў ад яго (фота 2)

Акрамя таго, журналісты адзначалі праблемы ў кіраваньні бесьпілётнікамі: у шэрагу выданьняў зьніклі дроны, кіраваньне імі нібыта нехта перахапіў, скіраваў апараты на дах Опэрнага тэатру, дзе стаялі «людзі ў цывільным» зь нявызначанай апаратурай.

Паводле зьвестак аднаго з арганізатараў мітынгу-канцэрту Антона Матолькі, скрадальнікі дронаў абяцалі вярнуць апараты: «Хутчэй за ўсё, яны проста перапалохаліся колькасьці дронаў без адзінага цэнтру кіраваньня. Гэта значыць, тут сытуацыя, калі іх і абвінаваціць няма ў чым – працавалі для бясьпекі людзей».

Прэс-службы мабільных апэратараў МТС, velcom і life:) не адказалі Свабодзе на тэлефанаваньні і пісьмовыя запыты праз электронную пошту ні 25 сакавіка, ні 26-га.

Але прэс-служба кампаніі «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» (beCloud), якая адказвае за 4G-сеткі, якімі карыстаюцца МТС і life:), паведаміла, што кампанія не адзначала праблемаў у сувязі:

«З боку тэхналёгіі LTE збояў у працы сувязі мы не назіралі, аднак фіксавалі павялічаную нагрузку на сетку лякальна, у месцах збору людзей, — заявіла кіраўніца мэдыяцэнтру beCloud Аліна Шапавалава. — Магчыма, у гэтыя моманты якасьць сувязі магла пагоршыцца. Ад нашых кліентаў — мабільных апэратараў МТС і life:) — паведамленьняў аб некарэктнай працы сеткі LTE не паступала».

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

Санкцыянаванае ўладамі «Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG