Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды за Дзень Волі. УЖЫВУЮ

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні 25 сакавіка ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні 25 сакавіка ў Менску

А 12-ай гадзіне 26 сакавіка ў Беларусі пачаліся суды над шэрагам затрыманых 25 сакавіка падчас сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

​Усяго па краіне было затрымана, паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», больш за 100 чалавек: шэсьць дзясяткаў у Менску (вядомыя імёны 42 чалавек), яшчэ пяць дзясяткаў у іншых гарадах. Большасьць затрыманых вызвалялі без складаньня пратаколу праз пэўны час, ад адной да пяці гадзінаў. 72-гадовую Ніну Багінскую пратрымалі больш за астатніх — каля 9 гадзінаў.

Большасьць працэсаў над затрыманымі ў Менску мусілі прайсьці пачынаючы з 12-ай гадзіны ў судзе Савецкага раёну Менску. Аднак сакратар суду і асыстэнтка судзьдзі абвесьцілі, што судоў сёньня ня будзе. Прычынаў такога рашэньня не патлумачылі і новай даты не назвалі.

Як піша «Вясна», 25 сакавіка было складзена больш за 10 пратаколаў за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» (у тым ліку на назіральнікаў), яшчэ некалькі — за «непадпарадкаваньне службовай асобе». Некаторых затрыманых пакінулі ў ізалятарах часовага ўтрыманьня на ноч.

Судоў чакаюць назіральнікі Максім Кавалёў, Тацяна Самнікава, Андрусь Крэчка, Ігар Багачоў і Наста Лойка, грамадзкія актывісты Сяргей Спарыш, Валянцін Троцкі, Алена Таўстая, Вольга Нікалайчык, Валер Бычкоўскі, Артур Жураў, Галіна Цярэньцева.

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

Санкцыянаванае ўладамі «Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG