У Савецкім РУУС Менску карэспандэнту Свабоды паведамілі, што затрыманых на плошчы Якуба Коласа ў Менску прывезьлі да іх. Але паведамляць інфармацыю што да колькасьці ці прозьвішчаў затрыманых дзяжурны міліцыянт адмовіўся.
Аналітык Свабоды Віталь Цыганкоў, сын якога апынуўся сярод затрыманых, распавёў, што яму ўдалося пабачыць праз агароджу затрыманых ў акружэньні міліцыянтаў ва ўнутраным дварэ Савецкага РУУС.
«Яны стаялі ў двары і чакалі чаргі. Відаць, затрыманых па адным выклікалі па тлумачэньні. Я зьбіраўся зрабіць фота, але тут да мяне падышлі два міліцыянты і спыталіся, што я тут раблю. Я сказаў, што проста гляджу на будынак. Мяркую, каб я зрабіў фота, гэта б стала падставай для затрыманьня. Урэшце мяне змусілі адысьці ад гэтага плоту», — распавёў Цыганкоў.
Паводле назіраньняў Свабоды і праваабаронцаў «Вясны», праваахоўнікі затрымалі ад 30 да 50 чалавек, якія апоўдні прыйшлі на плошчу Якуба Коласа ў цэнтры Менску, дзе частка апазыцыі на чале зь Мікалаем Статкевічам зьбіраліся пачынаць шэсьце, не дазволенае ўладамі.
Спачатку затрымлівалі ўсіх, хто меў пры сабе бел-чырвона-белыя сьцягі, кветкі, — «для высьвятленьня асобы». Потым пачалі затрымліваць усіх, хто знаходзіўся на плошчы.
Сярод затрыманых — каля 10 назіральнікаў «Вясны», журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева, Сяргей Кавалёў, Ігар Ільяш, Любоў Лунёва, палітычныя актывісты Алена Талстая, Ігар Лялькоў, Сяргей Спарыш і іншыя.
Лідэра Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколу Статкевіча затрымалі ў Менску 25 сакавіка, сьцьвярджае ў Telegram-канале «Тунеядцы Беларуси» сусед палітыка. Як перадаюць Naviny.by са спасылкай на ягоную жонку Марыну Адамовіч, Мікола Статкевіч знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.
Ён будзе адбываць 10 сутак адміністратыўнага арышту за адну з акцый, якая прайшла яшчэ ўвосень 2017 года. Жонка Статкевіча не выключае, што пад арыштам ён можа быць і больш працяглы тэрмін, бо супраць яго складзены яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, рашэньня суду па якім пакуль няма.
Затрыманьні 25 сакавіка ў Беларусі. Абнаўляецца
Статкевіч быў ініцыятарам правядзеньня шэсьця 25 сакавіка ў Менску. Заяўку ягоных паплечнікаў адхілілі, шасьцёх затрымалі напярэдадні. Цяпер у Беларусі працягваюцца прэвэнтыўныя затрыманьні.
Пры гэтым канцэрт у Менску і шэраг імпрэзаў дазволеныя практычна па ўсёй Беларусі.