Актывістка Галіна Сьмірнова цяпер знаходзіцца ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзіць яе будуць 26 сакавіка.
Бабруйскі гарвыканкам не дазволіў правесьці акцыю ў цэнтры гораду на плошчы Перамогі 24 сакавіка, а прапанаваў сабрацца 25 сакавіка на стадыёне «Славянка».
Напярэдадні Галіну Сьмірнову папярэдзіў пра адміністрацыйную адказнасьць за несанкцыянаванае мерапрыемства маёр міліцыі Сяргей Рудзько.
Пра затрыманьне актывісткі паведаміў у суполцы «Наш Бабруйск» у фэйсбуку паплечнік Сьмірновай Уладзімер Лазараў. Ён напісаў, што актывістку арыштавалі апоўначы, калі яна выходзіла з офісу гарадзкой арганізацыі АГП.
Затрыманьне Галіны Сьмірновай пацьвердзіў яе муж Аляксандар. Ён паведаміў, што Галіне інкрымінуецца парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства — артыкул 23.23 адміністрацыйнага кодэксу.