Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Пазьняка правяла ў Менску мітынг і канцэрт да 100-годзьдзя БНР. ФОТА, ВІДЭА


 Мітынг у Кіеўскім сквэры ў Менску
Мітынг у Кіеўскім сквэры ў Менску

24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры Менску Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ праводзіць сьвяточныя мітынг і канцэрт, прысьвечаныя стагадоваму юбілею ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

​Мерапрыемствы дазволеныя Менгарвыканкамам з 12 да 16 гадзіны.

Падчас акцыі быў зачытаны прывітальны ліст ад старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка з нагоды 100-гадовага юбілею абя’ўленьня незалежнасьці БНР.

«Гэта вельмі важная падзея ў разьвіцьці нашай нацыі. Яна пазначыла далейшы гістарычны шлях Беларусі.Сьведчаньне аб намеры ўтварэньня дзяржавы і аб’яўленьне яе незалежнасьці — гэта ёсьць чыньнік перамогі нацыянальнай ідэі», — гаворыцца ў лісьце.

Уладзімер Юхо і Алесь Чахольскі
Уладзімер Юхо і Алесь Чахольскі

У акцыі ўзялі ўдзел актывісты КХП-БНФ Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Антончык, былы фігурант справы «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі, мастак Алесь Марачкін і іншыя.

У канцэрце бяруць удзел Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрусь Такінданг, Сяржук Чарняк, Зьміцер Захарэвіч, Яўгеня Казлова, Андрэй Мельнікаў, Уладзімер Асадчы і іншыя.

«Гэтую акцыю можна разглядаць таксама як пачатак сьвяткаваньня і пралёг да ўрачыстага мітынгу і канцэрта, які адбудзецца 25-га сакавіка каля Вялікага тэатра опэры і балету ў Менску», — гаворыцца на сайце партыі.

Акцыя КХП-БНФ у Менску
Акцыя КХП-БНФ у Менску

Партыя Зянона Пазьняка запрасіла ахвочых далучацца да гэтага сьвяточнага мерапрыемства.

Удзельнікі акцыі зьбіралі сродкі на ўсталяваньне памятнага каменя ў гонар 100-гадовага юбілею абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Яго прапануецца ўсталяваць у сквэры каля тэатра імя Янкі Купалы — гістарычным будынку, дзе ў сьнежні 1917 года адбыўся Усебеларускі нацыянальны кангрэс.

Таксама працягваўся збор сродкаў на народны мэмарыял у Курапатах.

25 сакавіка мітынг і канцэрт, прысьвечаныя 100-годзьдзю БНР, пачнуцца каля Опэрнага тэатру а 13-й гадзіне. Яны таксама санкцыянаваныя ўладамі.

20 пунктаў на мапе Беларусі. Адрасы сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG