Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветнае сьвята бульбашоў


Як Максімюк
Як Максімюк

17 сакавіка — дзень Сьвятога Патрыка, які адначасна зьяўляецца Днём Незалежнасьці Ірляндыі. Гэта, бадай, адзінае нацыянальнае сьвята ў сьвеце, якое адзначаецца і іншымі нацыямі, акрамя ірляндзкай. Я, напрыклад, помню адзначэньне дня Сьвятога Патрыка ў 1998 годзе ў Беластоку, дзе ні аўтахтонныя, ні прыезджыя ірляндцы не вадзіліся ні за жывой, ні за летапіснай памяці.

Увёў хрысьціянства і вывеў гадзюкаў

Пра жыцьцё Сьвятога Патрыка захавалася няшмат верагодных вестак. Ён жыў у пятым стагодзьдзі нашай эры; нарадзіўся ў Брытаніі, якая ў той час была рымскай правінцыяй; калі яму было 16 гадоў, яго выкралі ірляндзкія рабаўнікі-рэйдэры і забралі як нявольніка ў Ірляндыю; яму ўдалося ўцячы зь няволі і вярнуцца ў Брытанію, дзе ён вывучыўся на сьвятара; у 432 годзе ён вярнуўся ў Ірляндыю, ужо як біскуп, каб павярнуць ірляндцаў-паганцаў тварам да сьвятла хрысьціянства.

Паводле ірляндзкай традыцыі, Патрык даходліва і пераканаўча тлумачыў паганскім ірляндцам ідэю Сьвятой Тройцы пры дапамозе трохлісьцёвай канюшыны (shamrock), якая не зьвялася на востраве і да сёньня. І хоць пасьля біскупа Патрыка было шмат іншых хрысьціянскіх місій у Ірляндыю, менавіта яму дасталася ўся слава і пашана сярод ірляндцаў як хрысьціянскаму сьветачу-першапраходніку.

Сьвяты Патрык
Сьвяты Патрык

Фармальна Патрык ня быў кананізаваны ніякім рымскім біскупам, то бок, папам, аднак ён лічыцца сьвятым ня толькі ў Ірляндзкай Рымакаталіцкай царкве, але і ў шмат якіх іншых. Што больш, яго прызнаюць за сьвятога і праваслаўныя, асабліва ў Вялікабрытаніі і ЗША. Выявы Сьвятога Патрыка можна знайсьці на іконах у тамтэйшых праваслаўных храмах. (У дужках заўважым, што калі б Беларусь захацела займець «экумэнічнага» сьвятога, які падыходзіў бы і католікам, і праваслаўным, Сьвяты Патрык быў бы знакамітым кандыдатам — яго нельга папікнуць у ніякіх цёмных сувязях з Рымам, ні тым першым, ні другім, ні трэцім).

Ірляндзкая легенда яшчэ прыпісвае Сьвятому Патрыку вызваленьне вострава ад гадзюкаў і вужоў. Праўда гэта ці не — невядома, аднак у Ірляндыі, краіне з масай балотаў у сваім нутры, няма ні гадзюкаў, ні вужакаў, ні нават жабаў.


Ірляндзка-беларускія паралелі


Кожны, хто невыпадкова сутыкнецца з ірляндзкай літаратурай (напрыклад, паспрабуе пачытаць Джэймса Джойса, Сэмюэла Бэкета ці Шэймаса Хіні) або поп-музыкай (напрыклад, паслухае Шынэд О’Конар, Clannad ці U2), безумоўна, захоча нечага дазнацца і пра гісторыю народу, дзе нараджаюцца такія творцы. І кожнаму, калі ён нешта ведае пра Беларусь, ня могуць не прыйсьці на думку некаторыя ірляндзка-беларускія паралелі.

Найлепш, як мне здаецца, гэтыя паралелі падсумаваў мой рэдакцыйны калега Сяргей Шупа, які ў 1994 годзе, у сьнежанскім нумары «Нашай Нівы», апублікаваў на гэтую тэму тэкст пад назвай «Шэсьць пунктаў падабенства».


Прыгадайма з гэтых шасьці пунктаў хоць бы тры.

Ірляндцы і беларусы — невылечныя бульбаеды і выпівохі. Сяргей піша:

«У Эўропе толькі два народы натуральна абзываюцца „бульбашамі“. Дарэчы, звычайная, неэкзатычная бульба (Solanum tuberosum) па-ангельску завецца Irish potato. Ёсьць у нас што й да бульбы. Мабыць, любы з нас, упершыню пакаштаваўшы віскі, з трымценьнем у душы адчувае незвычайнае смакавае падабенства гэтай „вады жыцьця“ (ірл. uisce beatha) да нашага соку зямлі — хатняе жытняе гарэлкі. І наадварот — прывязіце зь дзедавай вёскі чыстую, для сябе робленую, крыху закрашанаю для шляхотнасьці гарэлку й дайце яе пакаштаваць хоць каму — любы скажа, што гэта віскі. Тэхналёгія закадаваная ў генатыпе».

Найчасьцьей яны машуць нам перад носам сваёй легендарнай «кілбасой» — эканамічнай немэтазгоднасьцю.

Ірляндцаў і беларусаў развучылі гаварыць на сваёй мове: «У дваццатым стагодзьдзі ніводная іншая эўрапейская нацыя не панесла такіх моўных стратаў, як ірляндцы і беларусы. Пры гэтым працэс адраджэньня нашых моваў шмат у чым адбываецца падобна — на іх перастае гаварыць вёска, а пачынаюць абуджацца ў іх маладыя творчыя альбо палітызаваныя гараджане. Ворагі адраджэньня нашых моваў таксама падобныя ў сваёй аргумэнтацыі, найчасьцьей яны машуць нам перад носам сваёй легендарнай „кілбасой“ — эканамічнай немэтазгоднасьцю».

Ірляндцы і беларусы — нацыі эмігрантаў: «Маюцца на ўвазе не малалікія й нерэгулярныя хвалі палітычнае эміграцыі, а масавыя выезды простых людзей у пошуках лепшае долі. Наўрад ці якая іншая краіна ў Эўропе дала большы працэнт колькасьці эмігрантаў ад агульнае лічбы насельніцтва, як Ірляндыя і Беларусь. Нездарма, дарэчы, адзін замежны дасьледнік назваў з гэтай нагоды Беларусь „Ірляндыяй Расейскай імпэрыі“».

(Пры гэтай нагодзе не магу не заўважыць у дужках для малодшых пакаленьняў — была калісь і такая «Наша Ніва», дзе друкаваліся вось такія рэчы).


Народнае гуляньне


Якраз зь Сяргеем Шупам мне давялося назіраць за сьвяткаваньнем дня Сьвятога Патрыка ў Нью-Ёрку, у 1992-м. На адной з галоўных алеяў Мангэтэну адбыўся магутны парад некалькіх дзясяткаў тысяч апранутых у зялёны колер людзей, а потым увесь той натоўп разбрыўся па сотнях нью-ёркскіх бараў і рэстаранаў, каб працягваць сьвяточны настрой за ірляндзкім півам і віскі. Каму было трэба, ён мог зайсьці і ў катэдру Сьвятога Патрыка на Мангэтэне, дзе праводзілася адпаведная сьвяточнай нагодзе багаслужба (мы зь Сяргеем туды заглянулі, але вялікага натоўпу вернікаў там не пабачылі).

Дзень Сьвятога Патрыка — гэта вясёлае народнае гуляньне, абсалютна сэкулярызаванае сьвята. Падмацаванае традыцыяй расьпіваньня першакляснага ірляндзкага піва і віскі, гэтае сьвята мае вялікую прыцягальную моц і для не-ірляндцаў усялякіх веравызнаньняў.

Вось у Беластоку да дня Сьвятога Патрыка ў 1998 годзе было прымеркаванае адкрыцьцё піўнога бару на адной з галоўных вуліц гораду. Уласьнік бару запрасіў на гэтае адкрыцьцё ірляндзкага амбасадара ў Варшаве, намовіўшы яго прыехаць запэўніваньнем, што бар будзе займацца ня толькі продажам піва «Guinness» і «Kilkenny», але і прамоцыяй ірляндзкай культуры, то бок, ірляндзкай народнай музыкі ў выкананьні музыкаў з Ірляндыі.

Ці выступалі потым нейкія ірляндзкія музыкі ў Беластоку, я ня ведаю, але тады, падчас адкрыцьця, ірляндзкі амбасадар выканаў дзьве ці тры народныя песенькі на старажытнай кельцкай мове a capella, усяго пад воплескі і шум добра-такі падвыпіўшай беластоцкай публікі.

На Дзень сьвятога Патрыка ў Лёндане ў 2009 годзе
На Дзень сьвятога Патрыка ў Лёндане ў 2009 годзе

А потым ірляндзкі амбасадар засеў са мною, які ў той дзень аказаўся пад рукою як прынагодны, але неабходны перакладчык, за стол у кутку таго псэўдаірляндзкага бару, і мы прынялі бадай ці не па пяць «гінэсаў» за кошт Ірляндзкай рэспублікі, абмяркоўваючы шэсьць пунктаў ірляндзкага-беларускага падабенства і некаторыя асаблівасьці стылю Джэймса Джойса.

Аказалася, гэты амбасадар адначасова прадстаўляў ірляндзкія інтарэсы ў Літве і час ад часу наведваўся ў Вільню, дзе Сяргей Шупа даў яму пачытаць ня толькі згаданы артыкул у «Нашай Ніве», але і беларускі пераклад «Уліса».

Хоць і адчуваю, што мала хто паверыць таму, што я напішу далей, то ўсё ж я гэта напішу — бо праўда жыцьця мне даражэйшая за скептыцызм беларускай чытацкай публікі. Ірляндзкі амбасадар сказаў мне, што «Ўліса» па-беларуску чытала ягоная жонка. Што больш, раней яна спрабавала чытаць «Уліса» ў польскім і расейскім перакладах (яна была полька, якая закончыла расейскую філялёгію).

— Ну і як ёй беларускі пераклад? — запытаўся я ў дыплямата.

— Па-беларуску ён проста плыве (it simply flows), сказала мая жонка, — адказаў мне амбасадар таго бульбашоўскага народу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі. Упершыню гэты тэкст быў апублікаваны на сайце Радыё Свабода 17 сакавіка 2010 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG