Вялікабрытанія, ЗША, Германія і Францыя назвалі атручэньне былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля першым ужываньнем нэрвова-паралітычнага рэчыва ў Эўропе ад часоў Другой сусьветнай вайны. У сумеснай заяве лідэраў чатырох краін адзначаецца, што Расея адказная за тое, што адбылося, а інцыдэнт названы нападам на сувэрэнітэт Злучанага Каралеўства.
У заяве зноў адзначаецца, што Расея парушыла Канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі. Лідэры Брытаніі, ЗША, Нямеччыны і Францыі заклікалі Маскву даць Арганізацыі па забароне хімічнай зброі інфармацыю аб рэчыве «Навічок», якое, як сьцьвярджаецца, было выкарыстана пры нападзе на Сяргея Скрыпаля.
14 сакавіка прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй афіцыйна абвінаваціла ў атручваньні Сяргея Скрыпаля Расею і абвясьціла аб высылцы 23 расейскіх дыпляматаў. Гэтую меру падтрымалі ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША. Аб распрацоўцы падобных санкцыяў таксама абвясьціў прэзыдэнт Францыі. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў паабяцаў у адказ выслаць брытанскіх дыпляматаў. Колькі менавіта дыпляматаў будзе выслана і калі гэта адбудзецца, пакуль невядома.
4 сакавіка Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў крытычным стане з-за атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам. У шпіталі апынуўся і паліцэйскі, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі аб страху за сваё жыцьцё.