Кіраўніца МУС Вялікабрытаніі Эмбэр Рад у суботу склікае экстранае пасяджэньне ў сувязі з атручэньнем экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі, паведамляе SkyNews. Адбылося гэта на другі дзень пасьля працы сьледчых на могілках у Солсбэры, дзе пахаваныя жонка Скрыпаля Людміла і іх сын Аляксандар.
SkyNews паведамляе, што ў сувязі з справай сьледчых выклікалі на Даўнінг-стрыт, дзе яны павінны расказаць міністрам ураду пра хаду расьсьледаваньня.
SkyNews адзначае, што напярэдадні ў ходзе працаў на могілках у Солсбэры магілу сына былога палкоўніка Аляксандра закрылі тэнтам, які сьведчыць аб працы экспэртаў. Мясцовае выданьне Salisbury Journal сьцьвярджала, што праведзена эксгумацыя цела. Sky сьцьвярджае, што Аляксандра крэміравалі летась і эксгумаваць няма чаго.
Паводле дадзеных прэсы, сьмерці Аляксандра і Людмілы Скрыпалёў сталі часткай расьсьледаваньня меркаванага замаху на жыцьцё былога шпіёна. Сам 66-гадовы Сяргей Скрыпаль і ягоная 33-гадовая дачка Юлія застаюцца ў коме пасьля меркаванага атручэньня нэрвова-паралітычным рэчывам.
У суботу The Times паведаміла новыя дэталі пра супрацоўніцтва Скрыпаля з брытанскай контравыведкай. Крыніца заявіла, што былы палкоўнік Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня быў высокааплатным і асабліва каштоўным агентам службы зьнешняй выведкі Вялікабрытаніі MI-6 і забясьпечваў сваіх куратараў інфармацыяй на працягу 10 гадоў. У прыватнасьці, ён перадаў брытанцам увесь тэлефонны даведнік ГРУ.
У 2004 годзе Скрыпаль быў арыштаваны Фэдэральнай службай бясьпекі РФ і ў 2006-м асуджаны на 13 гадоў турмы за дзяржаўную здраду, пазбаўлены ўсіх званьняў і ўзнагародаў. У 2010 годзе экс-палкоўнік быў перададзены ЗША ў рамках абмену асобамі, арыштаванымі паводле абвінавачаньня ў шпіянажы.
4 сакавіка Скрыпаль і яго дачка Юлія былі знойдзеныя ў непрытомным стане на лаўцы побач з гандлёвым цэнтрам у горадзе Солсбэры. Іх шпіталізавалі, у бальніцы таксама апынуўся дэтэктыў-сяржант Нік Бэйлі, які ў ліку першых апынуўся на месцы здарэньня.
Кіраўнік Брытанскага МЗС Борыс Джонсан, выступаючы ў аўторак у Палаце абшчынаў, параўнаў гэты інцыдэнт са справай экс-супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі, які быў атручаны ў Лёндане ў 2006 годзе. Джонсан таксама сьцьвярджаў, што Расея займаецца «варожай дзейнасьцю» і прыгразіў санкцыямі, калі будзе выяўлена, што Масква датычная да інцыдэнту са Скрыпалём.
Крэмль адмаўляе сувязь з гэтым выпадкам, а МЗС Расеі паабяцаў брытанскім уладам супрацоўніцтва ў расьсьледаваньні.