Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявілі, што афіцыйныя прадстаўнікі Расеі «павінны даць адназначныя адказы ў сувязі са спробай забойства былога шпіёна ў паўднёвай Англіі», — гаворыцца ў стэнаграме тэлефоннай размовы абодвух лідэраў, апублікаванай у аўторак.
Белы дом заяўляе, што Трамп выказаў сваю «салідарнасьць» з Мэй і паабяцаў «аказаць усялякае садзейнічаньне расьсьледаваньню, якое вядзе Вялікая Брытанія» ў сувязі з ужываньнем нэрвова-паралітычнага рэчыва пры спробе забойства Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.
Абодва лідэры пагадзіліся, што тыя, хто ўжыў жахлівыя сродкі, груба парушыўшы міжнародныя нормы, павінны будуць адказаць за зробленае. У размове Трампа і Мэй ня згадвалася Расея, паведамляе амэрыканскае выданьне Politico.
У панядзелак, 12 сакавіка, Тэрэза Мэй заявіла ў парлямэнце пра высокую ступень верагоднасьці таго, што за спробай забойства Скрыпаля, былога расейскага падвойнага агента, стаіць Крэмль.
Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія, атручаныя 4 сакавіка ў ангельскім горадзе Солсбэры, застаюцца ў бальніцы ў крытычным стане. Іншыя мэдыцынскія зьвесткі не агалошваюцца.