У Менску ды іншых беларускіх гарадах 25 сакавіка пройдзе сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Да іх далучацца і беларусы замежжа, у тым ліку і Ўкраіны.
Акцыі ў Кіеве
У Кіеве супольнымі намаганьнямі руху салідарнасьці «Разам» і Народнага руху Ўкраіны рыхтуецца акцыя, якая будзе праходзіць адначасова зь менскай — шэсьце па беларускіх мясьцінах украінскай сталіцы, у тым ліку да месца гібелі Міхаіла Жызьнеўскага, да помніка пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу ля амбасады Беларусі. Таксама аддадуць пашану і ўкраінскаму палітыку Вячаславу Чарнаволу, помнік якому знаходзіцца ля месцаў сутыкненьняў у 2014 годзе дэманстрантаў зь міліцыяй на вуліцы Грушэўскага.
Гэтай акцыі будзе папярэднічаць флэшмоб «Гадзіна свабоды», калі кожны ахвотны зможа павіншаваць Беларусь са сьвятам незалежнасьці БНР у онлайн-стрыме, які распачнецца а 12.00 на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве.
Кіеўскі арганізацыйны камітэт спрабуе прыцягнуць як мага больш арганізацыяў да сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР. У прыватнасьці, аргкамітэт вядзе перамовы з кіеўскімі ўладамі аб арганізацыі 23 сакавіка сьвяточнага канцэрту ў Калённай зале Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі. На імпрэзу запрошаны беларускі бард Андрэй Касьмовіч, які стала жыве ва Ўкраіне, а таксама ўкраінскія музыкі — Сашко Лірнык, Тарас Кампанічэнка і Сяргей Васылюк.
Сьвяткаваньні ў Чаргігаве і Львове
Да сьвяткаваньня 100-годзьдзя беларускай незалежнасьці рыхтуюцца яшчэ ў двух украінскіх гарадах. У Чарнігаве мясцовыя беларусы зьбяруцца на сьвяточную вечарыну, а ў Кацярынінскай царкве, якая належыць Украінскай праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхату, сьвятар Яўген Орда, беларус паводле паходжаньня, адслужыць малебен. Да стагодзьдзя БНР будзе прымеркаваны і навуковы круглы стол пры ўдзеле беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў.
Галоўнай падзеяй 25 сакавіка ў Львове стане мітынг-канцэрт, які плянуюць правесьці на галоўнай плошчы гораду — Рынку. Апроч таго, мясцовыя беларусы і іхныя сябры-ўкраінцы пройдуць шэсьцем да помнікаў паэту Тарасу Шаўчэнку, кіраўніку Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы, мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму і Сьцяпану Бандэру.
Юбілеі БНР і УНР
Ва Ўкраіне сёлета таксама юбілейны год. Стагодзьдзе ўкраінскай рэвалюцыі 1917-1921 гадоў адзначаецца на дзяржаўным узроўні — у адрозьненьне ад юбілею БНР у Беларусі. Паводле супрацоўніка Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Паўла Падабеда, на адной з выставак, прымеркаваных гэтай даты, былі прадстаўленыя і матэрыялы пра дачыненьні між Беларускаю і Ўкраінскаю Народнымі Рэспублікамі.
Украінскі інстытут нацыянальнай памяці на гэты год заплянаваў цэлы шэраг выставаў, прысьвечаных 100-годзьдзю абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці. На адной зь іх быў блёк матэрыялаў, прымеркаваных і міжнароднай супрацы, і нацыянальным меншасьцям, якія бралі ўдзел у вызваленчай барацьбе — у шэрагах арміі УНР і Цэнтральнай Рады, і там згадвалася пра БНР.