Прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што «вельмі верагодна», што за замахам на былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку стаіць Расея.
У сваёй прамове да парлямэнту 12 сакавіка Мэй падкрэсьліла, што расейскія ўлады альбо наўпрост арганізавалі атручваньне, альбо дапусьцілі, каб «патэнцыйна катастрафічна магутнае» нэрвова-паралітычнае рэчыва, распрацаванае на вайсковых прадпрыемствах Расеі, трапіла ў рукі злачынцаў.
Мэй паабяцала чальцам брытанскага парлямэнту, што ў найбліжэйшы час прапануе цьвёрдыя меры ў адказ на дзеяньні Расеі. Раніцай 12 сакавіка расейскі амбасадар быў выкліканы ў брытанскае Міністэрства замежных спраў. Лёндан дае Расеі час да вечара аўторка, 13 сакавіка, каб атрымаць неабходныя тлумачэньні у сувязі з атручваньнем Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў брытанскім горадзе Солсбэры.
У расейскім МЗС заяву Тэрэзы Мэй ужо назвалі «інфармацыйна-палітычнай кампаніяй, заснаванай на правакацыі» і «цыркавым шоў».
Раней брытанскія выданьні сярод магчымых захадаў называлі выправаджэньне расейскіх дыпляматаў і ануляваньне візаў расейцам, якія пастаянна пражываюць у Вялікай Брытаніі і якіх зьвязваюць з Крамлём.
Пра гатоўнасьць брытанскага ўраду абвясьціць пра новыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі з гэтым атручваньнем пісала выданьне The Financial Times. Найбольш жорстка за фінансавыя і іншыя абмежаваньні ў дачыненьні Расеі выступаюць кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан і міністар абароны Гэвін Уільямсан.
Раней брытанскія СМІ паведамлялі, што Лёндан кансультуецца з амэрыканскімі і эўрапейскімі саюзьнікамі наконт скаардынаваных адказных захадаў, якія могуць быць зроблены, калі будзе высьветлена, што Масква стаіць за атручваньнем.
Сяргей Скрыпаль — былы палкоўнік ГРУ. У Расеі яго асудзілі паводле абвінавачваньня ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абменялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. 4 сакавіка Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў крытычным стане з прычыны атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам. У бальніцы апынуўся і паліцыянт, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні. Раней паведамлялася, што былы афіцэр ГРУ за некалькі дзён да атручваньня паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.