Паліцыянт, які, як і былы расейскі выведнік Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка, быў шпіталізаваны пасьля атручэньня нэрвова-паралітычным рэчывам ў брытанскім горадзе Солсбэры, выйшаў з комы і пачаў гаварыць. Пра гэта паведаміла міністарка ўнутраных спраў Вялікабрытаніі Амбэр Рад.
Сьледчыя разглядаюць тое, што адбылося як замах на забойства, заявіў кіраўнік Контратэрарыстычнага падразьдзяленьня паліцыі Марк Роўлі.
Паводле мінстракі, стан афіцэра паліцыі, які першым апынуўся на месцы здарэньня, па-ранейшаму цяжкі, але ёсьць надзея на паляпшэньне. Былы афіцэр ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія застаюцца ў коме.
Амбэр Рад таксама адмовілася раскрываць якія-небудзь падрабязнасьці аб рэчыве, якім былі атручаныя Скрыпаль, яго дачка і паліцыянт. Раней у паліцыі Вялікабрытаніі заявілі, што гэта нэрвова-паралітычнае рэчыва, назва якога не ўдакладняецца.
Міністарка сказала парлямэнту, што выкарыстаньне нэрвова-паралітычнага газу на брытанскай зямлі «зьяўляецца нахабным і неразумным дзеяньнем». «Гэта быў замах на забойства самым жорсткім і публічным спосабам, — сказала Рад. — Але калі мы хочам быць дакладнымі ў гэтым расьсьледаваньні, то павінны пазьбягаць спэкуляцый і дазволіць паліцыі працягваць расьсьледаваньне».
Да канца 1990-х Скрыпаль служыў у расейскай вайсковай выведцы ГРУ. У 2006 годзе Скрыпаля — на той час палкоўніка запасу — асудзілі ў Расеі на 13 гадоў турмы па абвінавачаньні ў ў шпіянажы на карысьць Брытаніі. Суд прызнаў, што ён перадаў брытанскай выведцы MI6 інфармацыю пра расейскіх тайных агентаў у Эўропе.
У 2010 годзе Скрыпаль атрымаў прытулак у Брытаніі пасьля «абмену шпіёнамі» паміж ЗША і Расеяй.