Масавае атручэньне на прадпрыемстве адбылося яшчэ ў сьнежні 2017 году, аднак кіраўніцтва заводу і гарадзкія ўлады доўгі час хавалі інцыдэнт. Усяго да мэдыкаў зьвярнуліся 37 чалавек, факт атручэньня быў пацьверджаны ў 28. Маці аднаго з іх паведаміла, што яе 23-гадовы сын загінуў ад ацёку мозгу пасьля атручэньня, але кіраўніцтва заводу і гарадзкія ўлады гэтую сувязь адмаўляюць.
У асноўным пацярпелі супрацоўнікі юрыдычнага і кантрактна-дагаворнага аддзелаў, а таксама вядучы інжынэр заводу Канстанцін Калесьнікаў. Гэта і дало падставы уладам выказаць здагадку, што талій быў прынесены на завод некім з супрацоўнікаў, а само атручэньне насіла бытавы характар. Гендырэктар заводу Юрый Грудзінін называў прычынай інцыдэнту помсту «некага з супрацоўнікаў».
Кіраўніцтва завода і гораду адмаўляла, што на прадпрыемстве і наогул дзе-небудзь у горадзе прымяняецца талій. Але паабяцала кампэнсацыі пацярпелым. Галоўны лекар Таганроскай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі Дзьмітрый Сафонаў заявіў, што ўзьдзеяньне талію на арганізмы пацярпелых было «кароткачасовым».
Аднак пацярпелыя працаўнікі завода распавялі Радыё Свабода, што кампэнсацыі ім пакуль не выплацілі, а іх здароўе да гэтага часу цалкам не адноўлена.
Талій — вельмі таксычны хімічны элемэнт. Яго злучэньні выкарыстоўваюцца ў атрутах.