У Канстытуцыі Кітая раней час знаходжаньня на пасадзе старшыні КНР абмяжоўваўся двума тэрмінамі. Папраўка адмяняе сыстэму, уведзеную былым кітайскім лідэрам Дэн Сяопінам ў 1982 годзе. Яна была закліканая прадухіліць вяртаньне да пажыцьцёвай дыктатуры, характэрнай для часоў Мао Цзэдуна.
Хоць іншадумства строга абмежавана ўнутры Кітая, некаторыя кітайцы, якія навучаюцца за мяжой, выказалі сваю заклапочанасьць з нагоды гэтага кроку. У Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Сан-Дыега былі заўважаныя плякаты з выявай Сі і тэкстам «Never My President» («Ніколі ня мой прэзыдэнт»). Крытыка распаўсюдзілася па меншай меры на восем іншых унівэрсытэтаў, у тым ліку ў Аўстраліі.