Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбітага падчас выбараў апэратара «Белсату» Андрэя Козела аштрафавалі на 735 рублёў


Андрусь Козел у судзе (пасьля зьбіцьця міліцыянтамі) 19 лютага 2018 году
Андрусь Козел у судзе (пасьля зьбіцьця міліцыянтамі) 19 лютага 2018 году

Суд Цэнтральнага раёну Менску з другой спробы закончыў адміністрацыйны працэс над апэратарам «Белсату» Андрэем Козелам, якога зьбілі на выбарчым участку.

Судзьдзя Іван Касьцян пастанавіў, што апэратар парушыў Адміністрацыйны кодэкс і пакараў яго штрафам памерам 30 базавых велічынь (735 рублёў).

18 лютага на выбарчым участку № 27 Старавіленскай выбарчай акругі № 41 у Менску апэратара «Белсату» Андрэя Козела, які прысутнічаў на ўчастку як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты, зьбіў міліцыянт. Менская міліцыя паведаміла, што апэратар замінаў працы выбарчай камісіі і разьбіў шыбу, калі яго выводзілі з выбарчага ўчастку.

«Хапаўся за форму, упіраўся нагамі, крычаў», — было напісана ў пратаколе на апэратара.

Міліцыя пра зьбіваньне назіральніка Козела: «Аказаў актыўнае непадпарадкаваньне», шкло разьбіў сам

Інцыдэнт адбыўся, калі Андрэй Козел здымаў на мабільны тэлефон пачатак падліку галасоў. У судзе Андрэй спасылаўся на Выбарчы кодэкс, у якім няма забароны на здыманьне, а таксама на свае правы як даверанай асобы. Козел заявіў суду, што працы камісіі не замінаў, а калі яго выводзілі з пакоя для галасаваньня, не ўпіраўся, на падлогу ня кідаўся, у ляжачым стане быў пабіты міліцыянтам Уладзіславам Бушынскім. Да таго ж яму не аказалі мэдычную дапамогу ў пастарунку, куды прывезьлі пасьля інцыдэнту.

«З галавы цякла кроў, балела рабро, я прасіў дапамогі, але маю просьбу праігнаравалі», — расказаў суду Андрэй Козел.

Прапаршчык міліцыі Ўладзіслаў Бушынскі, які дзяжурыў на выбарчым участку 18 лютага, выклаў у судзе сваю вэрсію. Паводле міліцыянта, Козелу некалькі разоў рабілі заўвагі за здымкі, казалі, каб не перашкаджаў і спыніўся, але той не адрэагаваў.

«Мы з курсантам павялі яго да дзьвярэй, але ён пачаў супраціўляцца, упёрся нагой, выбіў дзьвярную шыбу, хацеў мяне ўдарыць, пасьля чаго мы ўжылі да яго фізычную сілу і паклалі на падлогу. Але ня білі. Я паводзіў сябе карэктна», — даводзіў міліцыянт.

На першым працэсе супраць Козела 19 лютага, які быў спынены, каб міліцыянты дапрацавалі пратакол адміністрацыйнага парушэньня, Бушынскі казаў, што ўвогуле не ўжываў сілу да Андрэя Козела. Цяпер падсудны заўважыў разыходжаньні ў паказаньнях міліцыянта і перапытаў яго наконт фізычнага гвалту. Сьведка паўтарыў, што сапраўды ўжыў «спэцсродкі», калі Козел «спрабаваў яго ўдарыць».

Сьведка: «Яго выводзілі ў гарызантальным становішчы»

Суд дапытаў таксама сьведку Францішка Дзядова, які знаходзіўся на выбарчым участку як назіральнік. Дзядоў бачыў, як Козела выводзілі з залі з заламанымі за сьпіну рукамі.

«Ён не хапаўся за вопратку, бо проста ня меў такой магчымасьці, быў у гарызантальным становішчы. І не ўпіраўся нагамі. Толькі гучна сказаў, што да яго незаконна ўжываюць сілу», — расказаў сьведка.

У суд прыйшла намесьніца старшыні выбарчай камісіі Лілія Іванова, але нічога журналістам не сказала.

Паводле адваката Сяргея Зікрацкага, да Андрэя Козела нельга было ўжываць 23.4 артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, бо патрабаваньні спыніць відэаздымкі, якія яму выставілі на ўчастку, не былі законнымі.

«Артыкул 13 Выбарчага кодэксу не забараняе назіральнікам рабіць відэаздымкі, а старшыня выбарчай камісіі не зьяўляецца службовай асобай і ня можа загадваць пакінуць памяшканьне», — даводзіў абаронца.

Паводле адваката, у судзе так і не былі знойдзеныя доказы таго, што Андрэй Козел замінаў працы выбарчай камісіі, «хапаўся за вопратку міліцыянта» ці парушаў грамадзкі парадак іншым чынам. Андрэй Козел заявіў, што абскардзіць вырак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG