Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вярнуў на дапрацоўку справу апэратара «Белсата» Андруся Козела, затрыманага на выбарчым участку


Андрусь Козел у судзе
Андрусь Козел у судзе

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Іван Касьцян адправіў на дапрацоўку справу апэратара тэлеканалу «Белсат» Андруся Козела и вызваліў падсуднага з-пад варты. 18 лютага Андруся Козела затрымалі на 27 выбарчым участку, калі ён здымаў выбары ў Менскі гарсавет.​

Андрусь Козел у міліцэйскай машыне
Андрусь Козел у міліцэйскай машыне

Паводле пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні, які зачытаў судзьдзя, Андрусь Козел адмовіўся пакінуць выбарчы ўчастак на загад міліцыянта, «хапаўся за вопратку міліцыянта, працягваў рабіць відэаздымкі» з участку пасьля забароны здымаць.

Козелу пагражае адміністрацыйны арышт да 15 сутак альбо штраф да 50 базавых велічынь.

Паводле Андруся Козела, міліцыянты не патлумачылі, чаму яму нельга здымаць на выбарчым участку, і ўжылі сілу.

«Спачатку два міліцыянты мяне схапілі і павялі з участку, каля выхаду з памяшканьня ўдарылі галавой аб дзьверы, потым павалілі на падлогу, працягнулі па ёй, некалькі разоў ударылі па нырках і па рэбрах», — сказаў Андрусь Козел.

Ён дадаў, што ў Цэнтральным РУУС у яго адабралі нататнік, куды ён напісаў заяву аб зьбіцьці, забралі ўсе рэчы і праігнаравалі просьбу аказаць мэдычную дапамогу.

«У мяне цякла кроў, уся куртка была ў крыві, але міліцыянты ніяк не рэагавалі на просьбу аб дапамозе».

Андрусь Козел сказаў, што пры складаньні пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні яму не задавалі пытаньняў: «Пратакол міліцыянт складаў пад дыктоўку свайго начальніка».

Судзьдзя далучыў да матэрыялаў справы відэа, якое перадаваў праз мабільны тэлефон на сваю старонку ў фэйсбуку Андрусь Козел, але адмовіўся запатрабаваць відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на выбарчым участку, дзе адбыўся інцыдэнт.

«Я здымаў на ўчастку відэа цалкам паводле закону»

Тое, што казаў Андрусь Козел суду, дапаўняе карціну інцыдэнту, якую ён раней апісаў журналістам.

«Мне так і не патлумачылі, чаму нельга было здымаць на мабільны тэлефон, хоць гэта не забаронена. Я здымаў на ўчастку відэа цалкам паводле закону.

Калі міліцыянты выводзілі мяне з памяшканьня, дык ударылі галавой у дзьверы, у выніку было разьбіта шкло, а я атрымаў траўму галавы», — сказаў Андрусь Козел.

Таксама ён заявіў суду, што быў на ўчастку ў якасьці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Менскага гарсавету Мікалая Казлова.

«Я назіраў за ходам галасаваньня, рабіў запісы ў нататнік, цягам 30 хвілін здымаў падзеі на мабільны тэлефон, у тым ліку падлік галасоў — гэта даверанай асобе законам не забаронена», — паўтарыў Андрусь Козел.

Паводле яго, намесьнік старшыні і старшыня выбарчай камісіі так і не назвалі яму прычыну, чаму яму нельга здымаць на выбарчым участку. Андрусь Козел сьцьвярджаў у судзе, што нікому не перашкаджаў падчас запісу і не парушаў ні тайны галасаваньня, ні працэдуры падліку галасоў.

Сьведка-міліцыянт: «Мне яшчэ пагон сарвалі, але гэта дробязь»

Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі, які затрымліваў Андруся Козела
Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі, які затрымліваў Андруся Козела

Суд апытаў міліцыянта Ўладзіслава Бушынскага, які выводзіў Андруся Козела з участку і, як кажа апэратар, пхнуў яго ў дзьверы і некалькі разоў ударыў па галаве.

Пра інцыдэнт у міліцыянта і апэратара Белсату процілеглыя паказаньні.

«Без 20 хвілін 20-й гадзіны на ўчастак прыбыў Андрэй Козел, які назваўся, зарэгістраваўся. Спачатку ён пагадзіўся, што нельга весьці відэазапіс. Пачаўся падлік галасоў, ён пры гэтым прысутнічаў. Усё ішло нармальна, як раптам ён дастаў мабільны тэлефон і пачаў здымаць.

Яго раней папярэджвала старшыня выбарчай камісіі, я таксама зрабіў заўвагу, але ён не падпарадкаваўся. Тады старшыня загадала вывесьці гэтага грамадзяніна. Мы ветліва павялі яго з участку, за рукі не трымалі, але перад выхадам ён пачаў супраціўляцца, упёрся нагой, хацеў мяне ўдарыць рукой, але трапіў у дзьвярное шкло. Фізычную сілу мы да яго не ўжывалі, пакуль ён не разьбіў шкло. Пасьля гэтага ён дэманстрацыйна паваліўся, а мы выклікалі групу затрыманьня. Адкуль у яго траўма на галаве, мне невядома. Група прыехала і яго забралі», — апавёў міліцыянт.

Андрусь Козел спрабаваў высьветліць, чаму міліцыянт ударыў яго па скроні, па патыліцы і па рэбрах, але той заявіў, што ня біў Козела.

Уладзіслаў Бушынскі прызнаў, што ня ведае, якімі паўнамоцтвамі валодае давераная асоба кандыдата ў дэпутаты, у тым ліку ня ведае, ці забаронена відэаздымка даверанай асобе. «Я кіраваўся загадамі старшыні камісіі», — сказаў міліцыянт.

У выбарчай камісіі спасылаліся на артыкулы, якіх няма

Андрусь Козел у судзе
Андрусь Козел у судзе

Перад затрыманьнем Андрусь Козел спрабаваў даведацца, чаму здымаць забаронена, у кіраўніцтва выбарчай камісіі на 27-м участку.

«Намесьніца старшыня выбарчай камісіі — жанчына сталага веку. Калі я спытаў у яе, на падставе якога закону мне, даверанай асобе, нельга здымаць на выбарах, яна назвала 22 артыкул Выбарчага кодэксу. Але калі я паказаў ёй гэты 22 артыкул, дзе зусім пра іншае, яна ня ведала, што адказаць, і пайшла».

Старшыня ж камісіі, як кажа Андрусь Козел, заявіла, што маецца на ўвазе 22 артыкул Канстытуцыі.

«Тут я ўжо разгарнуў Канстытуцыю, дзе таксама няма ніякай забароны здымаць на выбарах. У выніку старшыня камісіі таксама на некалькі хвілін зьбегла, а калі зьявілася, дык сказала, што ўжо пачаўся падлік галасоў і яна ніякай скаргі прымаць ня можа і здымаць мне забаронена», — сказаў Андрусь Козел.

Пасьля другога за судовае паседжаньне перапынку судзьдзя пастанавіў вярнуць адміністрацыйную справу Андруся Козела ў міліцыю для выпраўленьня. Заля сустрэла гэтае рашэньне авацыямі.

«Вядома, я ўсьцешаны, што суд мусіў вось так адрэагаваць на самадзейнасьць міліцыянта Бушынскага, які відавочна неабгрунтавана ўжыў супраць мяне сілу. Заўтра ж я засьведчу пабоі і падам скаргу на неправамерныя дзеяньні гэтага міліцыянта», — сказаў пасьля суду Андрусь Козел.

Жывая трансьляцыя тэлеканалу «Белсат» з суду

Мясцовыя выбары, пасьляслоўе: вынікі і рэакцыі. Жывы блог

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG