Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякіх публічных акцый». Беларускіх паралімпійцаў пакараюць, калі тыя зноў падтрымаюць Расею


На лыжнай дыстанцыі беларуская паралімпійка Людміла Ваўчок
На лыжнай дыстанцыі беларуская паралімпійка Людміла Ваўчок

9 сакавіка ў Пхёнчхане, дзе два тыдні таму скончыліся ХХІІІ Алімпійскія гульні, стартуе XII зімовая Паралімпіяда. Ад Беларусі ў Паўднёвую Карэю выправіліся 15 спартоўцаў, шэсьць зь іх — дэбютанты.

Провады нешматлікай беларускай дэлегацыі адбыліся ў менскай ратушы, з прамовамі выступілі першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў, віцэ-прэзыдэнт НАК і старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Сямён Шапіра, першы намесьнік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў, старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель.

Таксама чальцы дэлегацыі наведалі храм у гонар сьв. Марыі Магдаліны, дзе настаяцель прыходу протаярэй Іаан Харашэвіч адслужыў малебен.

Нацыянальны інваспорт па-ранейшаму ў цені «здаровага»

Вырашана, што сьцяганосцам зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцьця будзе шматразовая чэмпіёнка і прызэрка Паралімпіядаў і чэмпіянатаў сьвету Людміла Ваўчок, якая выступае і ў летніх, і ў зімовых дысцыплінах. Капітанам каманды стане яшчэ адзін тытуляваны паралімпіец Дзьмітры Лобан.

У Паўднёвай Карэі будуць весьці барацьбу 700 спартоўцаў з паўсотні нацыянальных камандаў. Маецца разыграць 80 камплектаў узнагарод у шасьці відах спорту. Паўтара дзясятка беларусаў, якія выйдуць на трасы Пхёнчхану, выступяць толькі ў дзьвюх дысцыплінах — біятлёне і лыжных гонках. Спартовыя функцыянэры разьлічваюць, што гэтым разам атлетам па сілах здабыць пяць мэдалёў — чатыры гады таму ў Сочы былі тры.

Папярэдняя Паралімпіяда-2014 у Сочы
Папярэдняя Паралімпіяда-2014 у Сочы

Пры гэтым інваспорт у Беларусі па-ранейшаму застаецца ў цені «здаровага». Калі алімпійцы атрымліваюць ад дзяржавы 150, 75 і 50 тысяч даляраў за золата, срэбра і бронзу адпаведна, то ганарары паралімпійцаў куды больш сьціплыя — 50, 30 і 20 тысяч даляраў за тыя ж самыя месцы. Пры тым, што ў суседзяў прыбыткі паміж здаровымі спартоўцамі і тымі, якія маюць фізычныя абмежаваньні, роўныя.

Адна з самых уганараваных беларускіх паралімпіек Людміла Ваўчок, якая выправілася на свае сёмыя гульні, перакананая: ацэньваць дасягненьні паводле рэшткавага прынцыпу празь фізычныя недахопаў як мінімум нелягічна, бо ў падрыхтоўку і выступы ўкладаюцца гэткія ж вялізныя намаганьні.

«Вядома, гэта неапраўдана. Калі глядзіш, як ставяцца да сваіх спартоўцаў-паралімпійцаў у іншых краінах, нават на экс-савецкай прасторы — Расея, Украіна, Азэрбайджан — дык там увогуле пабудавана так, што прывозіш мэдаль з Алімпіяды, і табе пажыцьцёва даецца пэнсія. То бок нешта важкае зрабіў для гонару дзяржавы, таму за сваю працу будзеш забясьпечаны. Прынамсі, чалавек ведае, што ўсе ягоныя намаганьні ўрэшце будуць апраўданыя. У бальшыні краінаў ужо ня дзеляць — алімпіец ты ці паралімпіец. Усе ўмовы выраўнавалі і цэняць усіх аднолькава. Таму ў гэтым сэнсе, вядома, хацелася б болей увагі і з боку нашай дзяржавы».

Іншаземцам забаронена «захапляцца» расейскім допінгам


Як і ў выпадку з асноўнай зборнай Расеі, у Пхёнчхане атлеты з гэтай краіны таксама будуць прадстаўленыя пад нэўтральным сьцягам. На летняй Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра, куды расейскіх паралімпійцаў не дапусьцілі праз допінгавыя злоўжываньні, беларуская дэлегацыя ўчыніла акт салідарнасьці, узьняўшы над калёнай расейскі трыкалёр.

Андрэй Фомачкін на ўрачыстым прыёме ў Паралімпійским камітэце Расеі
Андрэй Фомачкін на ўрачыстым прыёме ў Паралімпійским камітэце Расеі

Чалец беларускай місіі, спартовы функцыянэр Андрэй Фомачкін, які гэта зрабіў, быў неадкладна выпраўлены дадому, дзе неўзабаве быў прызначаны кіраўніком цэнтру падрыхтоўкі ў зімовых відах спорту ў Раўбічах пад Менскам. У Расеі ён атрымаў кватэру ў Падмаскоўі і ўвекавечаны ў назьве аднаго са стадыёнаў.

Гэтым разам першы намесьнік прэзыдэнта НАК Андрэй Асташэвіч яшчэ падчас провадаў нацыянальнай зборнай паабяцаў, што «ніякіх акцый» са сьцягамі ня будзе.

Старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель пацьвердзіў, што паралімпійцаў зь Беларусі афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасьці «любых публічных акцый», у тым ліку па-за Алімпійскай вёскай. У іншым выпадку ім самім будзе пагражаць дыскваліфікацыя.

Цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця Паралімпіяды пройдуць на тым жа стадыёне, дзе адбыліся спаборніцтвы XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў.

Паралімпійскія гульні пройдуць зь 9 да 18 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG