Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Сьветлагорскам спыніўся цэлюлёзны завод, бо рабочыя зьехалі на сьвяты ў Кітай


Так выглядае новы завод беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорскім раёне
Так выглядае новы завод беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорскім раёне

Калі яны вернуцца, ніхто ня ведае. «Яны ж людзі свабодныя, мы ня можам імі кіраваць. Выехалі — абяцалі вярнуцца», — так патлумачылі Свабодзе ў канцэрне «Беллеспаперапрам».

Як стала вядома Свабодзе, на будоўлі новага заводу беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску ўжо другі месяц нічога ня робіцца. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя правяло экалягічную экспэртызу і прыпыніла працы яшчэ 17 студзеня.

У лістападзе 2017 году на заводзе пад Сьветлагорскам, побач зь вёскай Якімава Слабада, пачаліся пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары тады скардзіліся на смурод ад выкідаў з заводу. 25 сьнежня тут адбыўся стыхійны мітынг супраць заводу. У ім удзельнічала каля 200 чалавек. Яшчэ раней, у 2012 годзе, сьветлагорцы сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць узьвядзеньня ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства.

У сваім адказе жыхарам Якімавай Слабады Мінпрыроды пацьвярджае, што прадпрыемства не змагло забясьпечыць «абясшкоджваньне смуродных пахаў».

Па словах Алены Масьлюковай з праваабарончага цэнтру «Вясна», працы на заводзе не адновяцца, пакуль там ня выправяць усе непаладкі.

«А непаладак там столькі, што ў нас уражаньне, што ён зусім працаваць ня будзе», — сказала Масьлюкова Свабодзе.

У прэс-службе канцэрну «Беллеспаперапрам» Свабодзе сказалі, што непаладкі на заводзе пакуль не выпраўляюць, бо ўся кампанія «Самсе» — генэральны падрадчык з Кітаю — зьехала на сьвяткаваньне кітайскага Новага году. Па словах Ружэны Навіцкай, прэс-сакратаркі канцэрну, гэта традыцыйнае сьвяткаваньне для супрацоўнікаў кампаніі.

«Зараз чакаем іхнага вяртаньня. Спадзяюся, калі яны вернуцца, адновяць працы», — сказала Навіцкая.

Калі дакладна адновяцца працы, невядома. Сёлета па ўсходнім календары Новы год прыпаў на 16 лютага — гэта больш як два тыдні таму.

«Яны нам не паведамляюць, калі вяртаюцца, — сказала Навіцкая. — Яны ж людзі свабодныя, мы ня можам імі кіраваць. Выехалі — абяцалі вярнуцца».

Новы завод меліся адкрыць яшчэ 7 лістапада 2017 году. Але кампанія-падрадчык не выконвае тэрмінаў кантракту. Замоўца — Сьветлагорскі цэлюлёзна-папяровы камбінат (ЦПК) — можа ўплываць на будаўнікоў толькі праз пазовы і штрафныя санкцыі.

Беларускія рабочыя не засталіся бяз працы, хоць завод беленай цэлюлёзы і не працуе. Як патлумачыла Ружэна Навіцкая, новы завод пакуль не перададзены ў эксплюатацыю Сьветлагорскаму ЦПК, і мясцовыя рабочыя тут не ўладкаваныя: яны толькі вучыліся і стажыраваліся.

«Цяпер яны занятыя на старой вытворчасьці. Калі запрацуе новая, яны будуць туды пераведзеныя. Нейкі час будуць працаваць разам з кітайскімі спэцыялістамі. Так робіцца на ўсіх прадпрыемствах. Прынамсі цягам першага году», — сказала Навіцкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG