У канцэрне «Беллеспаперапрам» паведамілі, што Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя праводзіць дадатковыя кантрольныя замеры ў раёне заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы ААТ «Сьветлагорскі ЦКК».
А пахі ў паветры павінны зьнікнуць, бо кацёл, зь якога яны ішлі, не задзейнічаны, кажуць у канцэрне.
На днях жыхары Сьветлагорску і вёскі Якімава Слабада зьвярнуліся з калектыўнай скаргай у раённую інспэкцыю прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя. Пра гэта паведаміла праваабаронца Алена Масьлюкова.
Жыхары просяць экалягічную інспэкцыю абараніць іх ад выкідаў новага хімічнага заводу. Іх непакояць невыносны смурод, выкіды газаў і хімічныя сьцёкі з запушчанага заводу беленай цэлюлёзы, пабудаванага па кітайскім праекце.
Прэс-сакратар канцэрну «Беллеспаперапрам» Ружэна Навіцкая пракамэнтавала карэспандэнту Свабоды гэтыя прэтэнзіі мясцовых жыхароў.
— Менавіта па звароце грамадзянаў працуе адмысловая камісія Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, праводзяцца дадатковыя кантрольныя замеры. Па-другое, гэты кацёл, зь якога выходзілі гэтыя газы, не задзейнічаны ў вытворчасьці. То бок цяпер кітайская кампанія вядзе працы па яго наладцы, таму ў дадзены момант гэтых выдзяленьняў няма. І пахаў не павінна быць. І іх потым ня будзе. Бо гэты газ будзе спальвацца для выкарыстаньня ў тэхналягічным працэсе. Усё гэта прадугледжана.
— То бок гэты кацёл неўзабаве запрацуе зноў?
— Кацёл павінен запрацаваць, але мне цяжка сказаць, як гэта атрымаецца ў фірмы, якая гэтым займаецца. У іх ёсьць на гэта час згодна з кантрактам. Беларускі бок будзе правяраць якасьць гэтай працы, усё гэта будзе афармляцца актамі. Але цяпер гэтае пытаньне пад пільным кантролем службаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. І калі яны выявяць там нейкае перавышэньне, парушэньне, яны адразу выдадуць прадпісаньне спыніць усялякія працы датуль, пакуль гэта ўсё ня будзе наладжана. Таму цяпер гэтая праца ідзе.
«Людзям уласьціва панікаваць, але ж былі праведзеныя праверкі»
— Але мясцовыя жыхары нядаўна заўважылі, што былі выкіды неачышчаных сьцёкаў у канаву, злучаную з ракой Бярэзінай.
— Людзям уласьціва панікаваць. Але ж былі праведзеныя праверкі. І фактаў наяўнасьці атрутных рэчываў ці перавышэньня дапушчальных нормаў ня выяўлена. Гэта правяралі кампэтэнтныя дзяржорганы, у якіх няма ніякага інтарэсу паказваць непраўдзівую інфармацыю. І такіх сьцёкаў ня будзе. Уся вада будзе фільтравацца ў спэцыяльных устаноўках і выкарыстоўвацца для прамываньня цэлюлёзы. То бок сэнс гэтай вытворчасьці — у яе абсалютнай безадкіднасьці. Вытворчасьць спраектаваная такім чынам, што ўсё, што будзе ўтварацца ў вытворчым працэсе, зваротным патокам будзе выкарыстоўвацца далей. У гэтым сутнасьць гэтага сучаснага заводу. І ў гэтым яго бясьпека. Цяпер гэтая вытворчасьць запрацавала. Таму ўсе сыстэмы, усе ўстаноўкі праходзяць цяпер праверку на адпаведнасьць заяўленым якасьці і тэхналёгіі.
— Як вы ставіцеся да пратэстаў мясцовых жыхароў?
— Канечне, мы працуем з грамадзкасьцю і рэагуем на любыя сыгналы. Выяжджаюць камісіі, праводзяцца праверкі. І тое, што людзі рэагуюць, — мы да гэтага абсалютна нармальна ставімся і вітаем актыўную грамадзянскую пазыцыю людзей. Так павінна быць, і гэта нармальна. Мы не пакідаем без увагі, рэагуем. Мы зацікаўленыя, каб вытворчасьць не наносіла шкоды экалёгіі і насельніцтву. І ўсё для гэтага робім.
«Канкрэтнай даты, калі завод запрацуе напоўніцу, няма»
— Калі прадпрыемства запрацуе на поўную магутнасьць?
— Прадпрыемства працуе ў рэжыме пробнай вытворчасьці. Гэта было прадугледжана кантрактам, што цягам як мінімум 60 дзён генпадрадчык, а гэта кітайская карпарацыя, будзе выводзіць гэтую вытворчасьць на 75% магутнасьці. Цяпер гэтая кампанія, якая зьяўляецца генпадрадчыкам будаўніцтва заводу пад ключ, займаецца гэтай працай. Канкрэтнай даты, калі завод запрацуе напоўніцу, няма. Усё залежыць ад таго, як выканае свае абавязаньні генпадрадчык. Ёсьць 60 дзён. То бок яны пачалі працаваць на пачатку сьнежня, і цяпер падыходзіць гэты тэрмін. Паглядзім, як генпадрадчык здасьць сваю працу. Можа, будзе выходзіць з ініцыятывай аб працягу, можа, ім спатрэбіцца больш часу, каб усё даналадзіць.
25 сьнежня жыхары вёскі Якімава Слабада пад Сьветлагорскам, незадаволеныя смуродам і выкідамі новага заводу, правялі стыхійны мітынг. Яны таксама просяць кіраўніцтва раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя паведаміць ім пра хімічны склад і аб’ём сьцёкаў, а таксама пра захады дзеля прадухіленьня ў будучым падобных экалягічных інцыдэнтаў.
Тым часам канцэрн «Беллеспаперапрам» распаўсюдзіў сваю заяву пра тое, што шкоднага ўзьдзеяньня на атмасфэрнае паветра ў раёне ААТ «Сьветлагорскі ЦКК» ня выяўлена.