Прадусарка расейскага тэлеканалу «Дождь» Дар’я Жук распавяла аб дамаганьнях з боку дэпутата Дзяржаўнай думы ад ЛДПР Леаніда Слуцкага. Яна адправіла ліст на імя кіраўніка камісіі Думы па этыцы Отары Аршбы з заклікам прыняць захады.
Па словах Дар’і Жук, увосень 2014 году яна запрасіла Слуцкага ў эфір навінаў тэлеканалу «Дождь». Калі дэпутата паклікалі другі раз, ён, як сьцьвярджаецца, стаў неадназначна жартаваць. Прыйшоўшы на эфір, ён, як заяўляе Дар’я Жук, пачаў да яе прыставаць.
22 лютага тэлеканал «Дождь» паведаміў пра дамаганьні з боку Слуцкага. Пра харасмэнт на ўмовах ананімнасьці распавялі тры журналісткі, якія працуюць у парлямэнцкім пуле. Дар’я Жук — адна зь іх.
Сам Слуцкі адмаўляе гэтыя абвінавачваньні. У размове з РБК ён назваў паведамленьні пра тое, што ён дамагаўся журналістак, «трызьненьнем». Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі паабяцаў праверыць гэтыя паведамленьні, падкрэсьліўшы, што ня лічыць такія паводзіны нармальнымі.
Намесьніца галоўнага рэдактара тэлеканалу RTVI Кацярына Катрыкадзэ стала першай журналісткай, якая адкрыта распавяла пра тое, што сем гадоў таму сутыкнулася з дамаганьнямі з боку дэпутата ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Леаніда Слуцкага.
Паводле Катрыкадзэ, сем гадоў таму, калі яна працавала на грузінскі тэлеканал, яна дамовілася аб інтэрвію зь Леанідам Слуцкім. Калі яна прыехала, Слуцкі замкнуў яе ў кабінэце ў Дзярждуме, прыціснуў да сьцяны і паспрабаваў кранаць і цалаваць. Журналістка распавяла, што ёй удалося ўцячы. Яна таксама патлумачыла, што не даводзіла гэтую інфармацыю да агульнага ведама раней, бо баялася непрыемных наступстваў.