Намесьніца галоўнага рэдактара тэлеканалу RTVI Кацярына Катрыкадзэ стала першай журналісткай, якая адкрыта распавяла пра тое, што сем гадоў таму сутыкнулася з дамаганьнямі з боку дэпутата ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Леаніда Слуцкага. Раней аб непрыстойных паводзінах дэпутата паведаміў тэлеканал «Дождж» са спасылкай на трох неназваных журналістак.
Паводле Катрыкадзэ, сем гадоў таму, калі яна працавала на грузінскі тэлеканал, яна дамовілася аб інтэрвію зь Леанідам Слуцкім. Калі яна прыехала, Слуцкі замкнуў яе ў кабінэце ў Дзярждуме, прыціснуў да сьцяны і паспрабаваў кранаць і цалаваць. Журналістка распавяла, што ёй удалося ўцячы. Яна таксама патлумачыла, што не даводзіла гэтую інфармацыю да агульнага ведама раней, бо баялася непрыемных наступстваў.
Сам Слуцкі назваў паведамленьні «Дажджу» аб тым, што ён дамагаўся журналістак, «трызненьнем» і паабяцаў падаць на тэлеканал у суд за паклёп. Фракцыя ЛДПР у Дзярждуме Расеі заявіла, што паставіць пытаньне пра пазбаўленьне акрэдытацыі журналістаў «Дажджу», якія распавялі пра дамаганьні з боку дэпутата.
Напярэдадні кандыдатка ў прэзыдэнты Расеі, тэлевядоўца Ксенія Сабчак падала скаргу на Леаніда Слуцкага і запатрабавала правесьці праверку дзеяньняў дэпутата ад ЛДПР у сувязі з заявамі аб сэксуальных дамаганьнях