Тры расейскія журналісткі распавялі пра дамаганьні з боку дэпутата Дзярждумы ад ЛДПР, кіраўніка камітэта па міжнародных справах Леаніда Слуцкага. У адказ дэпутат назваў абвінавачваньні «трызьненьнем» і «правакацыяй», а віцэ-сьпікер Дзярждумы Ігар Лебедзеў, які ўзначальвае фракцыю ЛДПР, да якой належыць Слуцкі, прыгразіў пазбавіць журналістак акрэдытацыі.
Першай публічна аб дзеяньнях Слуцкага заявіла парлямэнцкая карэспандэнтка тэлеканала «Дождж» Лізавета Антонава ў эфіры праграмы з удзелам кіраўніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага.
Па словах Антонавай, яна сама не была ахвярай дамаганьняў з боку Слуцкага, але «пра гэта ведае ўся Дзярждума», і некаторыя журналісткі праз рэпутацыю дэпутата вырашылі не зьвяртацца да яго па камэнтары.
Яшчэ адна з журналістак парлямэнцкага пула распавяла тэлеканалу на ўмовах ананімнасьці, што Слуцкі чапляўся да яе асабіста. Па словах суразмоўцы «Дождя», на пытаньне, калі яна можа зайсьці да яго па камэнтар, «ён адказваў, што пасьля 22:00, і пытаўся, ці дома яна і дзе жыве».
Пасьля выхаду эфіра, «Дождь» паведаміў, што з рэдакцыяй зьвязалася «яшчэ адна дзяўчына, прадусэр аднаго з тэлеканалаў». Яна распавяла, што сутыкнулася зь непрыстойным паводзінамі Слуцкага, калі запрашала яго ў эфір: «На маё SMS (з запрашэньнем у эфір) ён адказваў, што прыйдзе ў студыю, толькі калі я зь ім павячэраю. Калі ён прыйшоў на эфір, ён спрабаваў пацалаваць мяне ў вусны і пакратаць за ягадзіцы», — прыводзіць тэлеканал словы журналісткі.
Ніхто з журналістак не зьвяртаўся ў паліцыю з нагоды дамаганьняў з боку Слуцкага.
Жырыноўскі сказаў, што нічога ня чуў пра паводзіны дэпутата і паабяцаў разабрацца. Слуцкі вядомы сваімі рэзкімі заявамі з нагоды зьнешняй палітыкі. Пасьля анэксіі Крыма ён, у прыватнасьці, заявіў: «Людзі шчасьлівыя ад таго, што яны вярнуліся ў склад Расеі, ад таго, што яны жывуць у сваёй краіне».