Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая «малочная» вайна і яе ахвяры


Да чаго можа прывесьці чарговая беларуска-расейская «малочная» вайна, у якой прысутнічаюць як эканамічныя, так і палітычныя чыньнікі?

Усё пачалося 16 лютага ў Сочы на сустрэчы кіраўніка ўраду РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева з губэрнатарамі ў рамках Расейскага інвэстыцыйнага форуму. Там прэзыдэнт Татарстану Рустам Мініханаў зьвярнуўся да прэм’ер-міністра з просьбай абмежаваць імпарт сухога малака. Бо вытворцы малочнай прадукцыі Татарстану не вытрымліваюць цэнавай канкурэнцыі зь іншымі пастаўшчыкамі. Гэтая рэспубліка РФ займае па аб’ёмах вытворчасьці малака першае месца ў Расеі. Пра Беларусь нічога ня ўзгадвался. Але вядома, што ў 2017 годзе доля Беларусі ў агульным аб’ёме імпарту малочнай прадукцыі ў Расею склала 79%.

Дзьмітры Мядзьведзеў, паводле расейскіх мэдыяў, тут жа адрэагаваў:

«Я дам даручэньне ў гэтым усім разабрацца, мне цяжка запярэчыць супраць тых аргумэнтаў, якія прывёў кіраўнік Татарстану... Так, у нас агульны рынак зь сябрамі, партнэрамі з ЭАЭС, больш за тое, мы ня можам яго абмяжоўваць у сілу падпісанага пагадненьня, але павінны думаць пра нашых грамадзян. Калі мы блякуем пастаўкі нармальнага малака і адкрываем рынак для сухога малака толькі дзеля захаваньня эканамічных прынцыпаў, то на фіг нам такія прынцыпы патрэбныя?»

На фіг нам такія прынцыпы патрэбныя?
Дзьмітрый Мядзьведзеў

Выконваючы даручэньне прэм’ера, Рассельгаснагляд Расеі 22 лютага забараніў увоз зь Беларусі малака, вяршкоў ды іншай малочнай прадукцыі з 26 лютага. Пазьней тэрмін дзеяньня забароны быў перанесены на 6 сакавіка.

Першапачаткова ў заяве прэсавай службы Рассельгаснагляду ад 22 лютага прычынамі ўвядзеньня забароны была названая дрэнная якасьць беларускай малочнай прадукцыі. Здавалася б, усё як звычайна. Колькі ўжо было падобных прэтэнзій.

Але гэтым разам незвычайнасьць сытуацыі выявілася ў тым, што ў абарону Беларусі выступіла Эўразійская эканамічная камісія (ЭЭК). Бо дзеяньні Рассельгаснагляду парушаюць правілы мытнага саюзу, прынцыпы функцыянаваньня адзінай эканамічнай прасторы, зоны вольнага гандлю, увогуле — разбураюць адзіны рынак у рамках ЭАЭС. Кіраўнікам адпаведных ведамстваў Беларусі і Расеі была дасланая тэлеграма ад імя ЭЭК, у якой РФ прапануецца ня ўводзіць абмежаваньняў на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі. Таксама прагучала адпаведная заява міністра па прамысловасьці і аграпрамысловым комплексе ЭЭК, прадстаўніка Беларусі Сяргея Сідорскага.

І тады загучала цяжкая артылерыя. Залп у адказ быў добра падрыхтаваны. 24 лютага на сайце Рассельгаснагляду зьявілася вялікая заява. Тэлеграма ЭЭК была інтэрпрэтаваная як рэакцыя асобных кіраўнікоў Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Але галоўнае, на адрас Беларусі было вылучана новае, больш сур’ёзнае абвінавачаньне. Паводле Рассельгаснагляду, былі выяўленыя факты паставак у Расею беларускімі кампаніямі забароненай РФ малочнай прадукцыі з Украіны і краін ЭЗ пад выглядам вырабленай у краінах, якія не падпалі пад дзейныя абмежаваньні (Іран, Македонія, Сан-Марына і Кітай). Расейскае ведамства правяло адмысловае расьсьледаваньне і выявіла, што гэтая прадукцыя паступае на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі ў суправаджэньні фальсыфікаваных дакумэнтаў. Інакш кажучы, беларускія дзяржаўныя органы былі абвінавачаныя ў ашуканстве, фальсыфікацыях, спробах зрыву палітыкі эканамічных санкцый, якія Расея прымяняе супраць непажаданых дзяржаў. То бок фактычна гэта ўжо палітычныя прэтэнзіі наконт несаюзьніцкіх адносін.

І гэтая сытуацыя зноў вяртае да больш шырокіх пытаньняў. ЭАЭС — гэта эканамічны ці больш геапалітычны саюз? Ён дзейнічае паводле эканамічных правілаў і прынцыпаў — ці гэта мэханізм кантролю Масквы над постсавецкай прасторай? Шчырая рэпліка расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева («На фіг нам такія прынцыпы патрэбныя?») вельмі адметная.

Якая цана пытаньня для Беларусі? У 2017 годзе беларускія суб’екты гаспадараньня паставілі ў Расею той прадукцыі, якая цяпер забароненая, на 656 млн даляраў.

27 лютага зьявілася інфармацыя, што Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі да сямі беларускіх прадпрыемстваў, якія экспартуюць у Расею ялавічыну.

Няма ніякай інфармацыі пра тое, што прадстаўнікі ўрадаў, якія вядуць перамовы ў Маскве, дамовіліся.

Лукашэнка пакуль маўчыць. Чакае завяршэньня перамоваў. Але, калі пытаньне ня будзе вырашана станоўча, вельмі верагодна, што ён паспрабуе сапсаваць Пуціну ягоную выбарчую кампанію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG