Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо на гэтым тыдні Менск і Полацак злучыць новы цягнік


Чыгуначны вакзал «Менск-Пасажырскі», ілюстрацыйнае фота
Чыгуначны вакзал «Менск-Пасажырскі», ілюстрацыйнае фота

Ад 3 сакавіка паміж Менскам і Полацкам пачне хадзіць дадатковы цягнік № 749, які будзе спыняцца на станцыях Маладэчна, Вілейка, Параф’янава, Круляўшчызна, Падсьвільле, паведамляе сайт Беларускай чыгункі.

Квіток у пляцкартны вагон будзе каштаваць 6 рублёў 52 капейкі, у купэ — 8 рублёў 98 капеек.

Зь Менску цягнік будзе адпраўляцца раніцай у 6:30, а прыходзіць у Полацак у 10:36. Вяртацца ў Менск цягнік будзе ўвечары: адпраўленьне з Полацку ў 15:51, прыбыцьцё ў Менск у 20:10.

Цяпер Полацак і Менск будуць злучаць 3–4 цягнікі на дзень.

Таксама зь Менску ў Полацак можна дабрацца на аўтобусе, дзе квіткі каштуюць ад 9 да 13 рублёў у залежнасьці ад рэйса. На момант публікацыі паміж Менскам і Полацкам ходзіць 5–6 аўтобусаў на дзень, у тым ліку 2 маршруткі.

Да 26 лютага паміж Полацкам і Менскам амаль штогадзіны хадзілі маршруткі прыватных перавозчыкаў «Полацкі экспрэс», «Новы паварот» і «Заходняя губэрня», квіток каштаваў 6–7 рублёў.

Паводле закону, які ўступіў у сілу 26 лютага, дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней маршрутчыкі, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі. Цяпер перавозчыкі мусяць:

  • перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
  • забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
  • распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
  • плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку. Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.

Кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак бʼюць трывогу, што праз новыя патрабаваньні могуць застацца бяз працы. Дзяржава супакойвае: пра зьмены было вядома даўно, а тыя, хто цяпер абураецца, нічога не зрабілі, каб унармаваць сваю «незаконную дзейнасьць».

Як у рэгіёнах рэагуюць на «нармалізацыю» міжгародніх маршрутак

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG