Кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак б'юць трывогу, што могуць застацца бяз працы праз новыя правілы транспартных перавозак. Паводле іх, ужо на наступным тыдні можа адбыцца транспартны каляпс, бо без прыватнікаў аўтапаркі не дадуць рады ўсім міжгароднім пасажырам. Дзяржава супакойвае: пра зьмены было вядома даўно, а тыя, хто цяпер абураецца, нічога не зрабілі, каб унармаваць «незаконную дзейнасьць».
Прыватныя міжгароднія маршруткі зьявіліся ў Беларусі на пачатку 2000-х. Арганізатары «нерэгулярных аўтамабільных перавозак пасажыраў» мусілі мець ліцэнзію, пасьведчаньне аб дзяржрэгістрацыі ды касавы апарат, але ня вымушаныя былі ўзгадняць расклад зь дзяржорганамі. Зь цягам часу прыватнікі ці ня цалкам выціснулі дзяржаўных апэратараў ды перамясьціліся з вакзалаў у розныя пункты.
Адкуль адпраўляюцца міжгароднія рэйсы ў Менску
«Некаторыя рэчы спрашчаюцца»
У Транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту і камунікацый карэспандэнту Свабоды сказалі, што 26 лютага ўступае ў сілу дэкрэт прэзыдэнта № 7 аб разьвіцьці прадпрымальніцтва. Гэты дэкрэт «спрашчае некаторыя рэчы» ў працы маршрутачнікаў.
Так, цяпер ня будзе неабходнасьці атрымліваць ліцэнзію на перавозкі (дастаткова толькі паведаміць мясцовым уладам) і выкарыстоўваць пуцявыя лісты.
«Таксама робіцца паслабленьне адносна перадрэйсавага мэдычнага агляду. Раней яго трэба было праходзіць у спэцарганізацыях, якія маюць лекараў. З 26 лютага можна на базе самога перавозчыка некага прызначаць адказным за праходжаньне кіроўцамі тэстаў на знаходжаньне ў стане алькагольнага ап’яненьня ці пад узьдзеяньнем наркатычных сродкаў», — патлумачыў карэспандэнту Свабоды начальнік упраўленьня кантролю аўтамабільнага транспарту Транспартнай інспэкцыі Іван Алісейка.
У студзені ўступілі ў сілу новыя правілы для перавозчыкаў міжгародніх маршрутак, прадугледжаныя абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». Дзейнасьць гэтых перавозчыкаў аднесена да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.
Якія патрабаваньні абавязаныя цяпер выконваць перавозчыкі?
- Заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс».
- Забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах).
- Езьдзіць па вызначаным маршруце.
- Спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках.
- Распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў.
- Вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце.
- Плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.
Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі, кажуць у Мінтрансе.
«Хто не заключыў дамову, выконвае перавозкі незаконна»
Абноўлены закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» уступіў у сілу 23 студзеня.
«Нерэгулярнымі перавозкамі цяпер застаюцца толькі падвоз да працы па дамовах зь юрасобамі, турыстычныя паездкі. А ўсе астатнія павінны выконвацца як рэгулярныя. Пра гэта перавозчыкам даўно паведамілі. І ўсім, хто езьдзіў без дазволаў і рэгулярных маршрутаў, неабходна было зьвярнуцца ў выканкам ці да апэратараў перавозак і атрымаць дазвол на маршрут, заключыць дамовы з апэратарамі», — сказаў Свабодзе начальнік упраўленьня кантролю аўтамабільнага транспарту Транспартнай інспэкцыі Іван Алісейка.
Паводле Алісейкі, той, хто не заключыў дамову, сёньня «незаконна выконвае такія перавозкі».
Пасажыраў перавозілі без дамоваў, грошы за праезд бралі наяўнымі недзе ў сярэдзіне дарогі
«Перавозчыкі і раней не зусім правільна працавалі. Пасажыраў перавозілі без дамоваў, грошы за праезд бралі наяўнымі недзе ў сярэдзіне дарогі, каб чалавек ня мог нікуды дзецца з гэтай машыны. Камандзіровачныя не маглі атрымаць білет для справаздачы. Цяпер гэта павінна павярнуцца ў законнае рэчышча. Аднак нямногія, адзінкі, пайшлі і атрымалі маршруты. А тыя, хто цяпер абураецца, нічога не рабілі, і цяпер у іх праблемы. Бо па факце гэта незаконная дзейнасьць», — сказаў Іван Алісейка.
«Проста выбарачна пакінуць тых, хто будзе працаваць»
Апэратарка Вольга, якая працуе на маршруце Салігорск — Менск, распавяла карэспандэнту Свабоды, што замовы на паездкі прымаюцца і на 26 лютага. Раней у СМІ пісалі, што квіткі не прадаюць, бо сытуацыя няпэўная.
«Мы вырашылі, што павінны завезьці сваіх пасажыраў 26-га і, напэўна, 27-га павінны завезьці. Бо атрымліваецца каляпс, людзі тэлефануюць, усім некуды трэба. У нас свае кліенты. Мы столькі гадоў адпрацавалі і ня ведаем, як гэта ўсё кінуць?», — сказала яна.
Аднак новыя правілы перавозак прывядуць да таго, што многія з кіроўцаў застануцца бяз працы, кажа Вольга.
Больш за палову, а то і ўсе застануцца бяз працы
«Проста выбарачна пакінуць тых, хто будзе працаваць. Больш за палову, а то і ўсе застануцца бяз працы. Бо на сходах, якія праводзіла Транспартная інспэкцыя, сказалі, што будзе ісьці адбор. Напрыклад, адмовяць тым, у каго аўтобус ня будзе падыходзіць, бо выстаўляюць патрабаваньне — не старэйшы за 10 гадоў. У некаторых добрыя, прыгожыя аўтобусы, але яны 2007 году, напрыклад».
Вольга задаецца пытаньнем, па якіх яшчэ крытэрах будуць адбіраць, але перакананая, што «ўсе працоўныя месцы захаваць ня ўдасца». Яна ўдакладняе, што кіроўцы мелі ліцэнзіі, працавалі як індывідуальныя прадпрымальнікі, плацілі падаткі, мелі касавыя апараты.
«Падатковая прэтэнзій ня мае. Усе плацяць падаткі, а нехта нават вышэй. Вакзалы проста аджылі сваё. Пасажырам зручна, камфортна, праз 10 хвілін іх забіраюць з бліжэйшага прыпынку. Білеты выдаюцца тым, хто езьдзіць у камандзіроўкі. Усё выдавалі і выдаюць. Людзі павінны мець права выбару», — кажа яна.
З Салігорску да Менску на маршрутцы можна даехаць за 8 рублёў. Машыны ідуць кожную гадзіну. У дарозе каля дзьвюх гадзін. Менскі аўтавакзал прапануе ў Салігорск толькі адзін рэйс на дзень, білет каштуе 5 рублёў 84 капейкі. У дарозе дзьве з паловай гадзіны. Яшчэ адзін аўтобус ходзіць тры разы на тыдзень, і на яго білет каштуе 8 рублёў 58 капеек.
«Іпэшнікі застануцца бяз хлеба»
Кіроўца маршруткі Сяргей, які выконвае рэйсы зь Менску ў Наваградзкі раён, кажа, што дзяржава «заціскае» прыватных міжгародніх перавозчыкаў.
Калі пад вакзал яшчэ легчы, то тады будзе капец
«Нават не ведаю, як змагацца. Ясна, што выйграюць аўтапаркі і будуць езьдзіць. Іпэшнікі застануцца бяз хлеба і машыны паставяць пад плот. Яны будуць душыць нас санкцыямі, нешта прыдумаюць. Я мушу цяпер зарэгістравацца. Але я ведаю, што гэты тэндэр ня выйграю, бо там трэба, каб машына была новая, каб рамонтная база была, каб у рэзэрве была машына. Я не пацягну такое, бо я адзін, іпэшнік. Я ж не куплю сабе другую машыну. Цяпер і так складана, даражэе паліва, а калі пад вакзал яшчэ легчы, то тады будзе капец».
Спадар Сяргей ня думае, што адмена ліцэнзій спрашчае дзейнасьць.
«Бо тады ўсе, каму толькі хочацца, будуць езьдзіць. Таму 26 лютага пакажа. Альбо будзе каляпс, бо калі ўсе маршруткі стануць, аўтапаркі ня змогуць перавезьці ўсіх пасажыраў. Яны проста не дадуць рады перавозкам».