Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам.
Як паведамляюць прэс-службы кіраўнікоў дзяржаваў, яны абмеркавалі разьвіцьцё двухбаковага палітычнага дыялёгу і будучыя кантакты на вышэйшым узроўні.
Лукашэнка і Парашэнка адзначылі важнасьць належнай падрыхтоўкі да правядзеньня ў бягучым годзе ў Гомелі Першага форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі. У гэтым кантэксьце размова ішла аб інтэнсыфікацыі гандлёва-эканамічнага і культурнага складнікаў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
Аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч выказаў у інтэрвію Свабодзе думку, што галоўныя пытаньні размовы — вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, перапрацоўка ўкраінскай нафты на Мазырскім НПЗ, аднаўленьне воднага шляху па Дняпры, а таксама прамысловая каапэрацыя.
«Далей гэта пытаньні ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе і магчымы фармат міратворцаў. І толькі на пэрыферыі ўсяго гэтага — «шпіёнскае» пытаньне», — сказаў Свабодзе аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.