Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША абвінаваціў Расею ў «правале астанінскага працэсу», падкрэсьліўшы, што менавіта Масква «нясе поўную адказнаслць» за тое, што адбываецца ў Сырыі. У Маскве прэтэнзіі Вашынгтона палічылі неабгрунтаванымі.
«Тое, што адбываецца цяпер ва Ўсходняй Гуце, яшчэ раз пацьвярджае тое, што мы ўжо абмяркоўвалі неаднаразова... хто нясе адказнасьць за правал астанінскага працэсу», — паведаміла ў ходзе штодзённага брыфінгу ў чацьвер прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт.
Напярэдадні з абвінавачваньнямі на адрас Масквы выступіў і Белы дом. Як падкрэсьліла прэсавая сакратарка прэзыдэнта ЗША Сара Сандэрс, дзеяньні расейскага боку ўжо прывялі да гібелі мірных жыхароў ва Ўсходняй Гуце.
Расея вечарам у чацьвер заблякавала ў Радзе Бясьпекі ААН прыняцьце рэзалюцыі аб 30-дзённым перамір’і ў Сырыі. Амбасадар Расеі ў ААН Васіль Небензя назваў прапанаваны Швэцыяй і Кувэйтам праект «нерэалістычным».
Праект гэтай рэзалюцыі раней крытыкаваў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, сьцьвярджаючы, што перамір’е не павінна распаўсюджвацца на тыя групоўкі, якія Масква лічыць тэрарыстычнымі.
Паводле ўладаў ЗША, ва Ўсходняй Гуце ад пачатку месяца загінула каля 400 чалавек.
Паводле сырыйскага цэнтру маніторынгу правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, толькі ад панядзелка ва Ўсходняй Гуце загінула больш за 400 чалавек. Гэта сам крывавы тыдзень у Сырыі за амаль 3 гады. Сырыйскія праваабаронцы сьцьвярджаюць, што паміж 5 і 9 лютага ў Гуце загінула 229 чалавек, у тым ліку 58 дзяцей і жанчын.
Ппрэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў у чацьвер заявіў, што Расея, Сырыя і Іран «вядуць непрымірымую барацьбу з тэрарыстамі» ў рэгіёне, а за падзеі ва Ўсходняй Гуце «нясуць адказнасьць тыя, хто падтрымлівае тэрарыстаў».
Пры гэтым вайскоўцы і ў ЗША, і ў Расеі дэманстратыўна ня ўмешваюцца ў новы канфлікт, які разгортваецца непадалёк ад Дамаску.