Нямецкі вэб-партал Golem.de, які інфармуе чытачоў аб навінах у сфэры ІТ, зьмясьціў нататку пра ахоп эўрапейскіх краін мабільнай бесправадной высокахуткаснай перадачай дадзеных LTE (Long-Term Evolution).
Пра Беларусь напісана фактычна адным сказам:
«Сярод 36 краін толькі дзьве — Расея і Беларусь — не дасягнулі сярэдняй глябальнай загрузкі 16,9 Мбіт». Менавіта гэты сказ, а дакладней слова Belarus, сталі падставай для разгорнутай і трохі незвычайнай для гэтага рэсурсу дыскусіі.
Пачатак спрэчкам паклаў камэнтар сталага ўдзельніка форуму Cöcönut, які палічыў назву Belarus па-нямецку не карэктнай, а пазычанай з ангельскай мовы:
Belarus? Адкуль гэта? Зь нейкага англамоўнага бягучага радку? Гэта такая якасьць журналістыкі. Краіна ўсё ж называецца Weißrussland!
Астатнія ўдзельнікі форуму аказаліся больш прасунутымі ў пытаньні:
- demon driver: Абсалютна няправільна! Назва краіны Belarus, калі кірыліцай «Беларусь». Толькі немцы кажуць Weißrussland. Але цяпер немцам трэба казаць Belarus. Гэта карэктная афіцыйная назва сувэрэннай краіны.
- Vinnie: У афіцыйных міждзяржаўных дакумэнтах пішуць, пра пагадненьні паміж «Republik Belarus» і Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай, або Аўстрыйскай Рэспублікай, Швайцарскай канфэдэрацыяй. Слова Weissrussland, ды і нават слова Belarus без «Рэспублікі» ніяк не ўжываецца. Калі ўзровень неафіцыйны, то краіна проста Belarus. Ці ёсьць «Беларусь» ангельскай назвай краіны, ня ведаю. Думаю, што так краіну называюць яе жыхары, якія, дарэчы, маюць сваю мову і пішуць кірыліцай. На маю думку, усё ў парадку, калі беларусы называюць сваю краіну Belarus, а таму і мы адпаведна мусім так рабіць.
- f00b4r: Weißrussland — гэта афіцыйная нямецкая назва краіны. Па-ангельску ды па-беларуску яна Belarus, таму такую назву і выкарыстоўваюць у міждзяржаўных дакумэнтах. Ня ведаю, што тут так усхвалявала ўдзельнікаў дыскусіі. Няўжо трэба так ўзбуджана рэагаваць, калі ў нейкім артыкуле ўбачым слова Germany. Гэта ніякая не памылка. Проста не па-нямецку.
- Denta: Пагугліце, што значыць слова «bely» У перакладзе Belarus тое ж, што Weißrusland. Толькі Weißrusland — гэта састарэлая назва. Гэтак ж як і Holland (Галяндыя). Насамрэч Holland сёньня — усяго толькі дзьве правінцыі Нідэрляндаў: Nordholland і Südholland. Але немцы па старой звычцы паўсядзённа называюць гэтую краіну Галяндыяй. Тут як і ў выпадку зь Беларусьсю: зьмены ў назвах зьявіліся на мяжы, але не закранулі мовы. Зразумела, Belarus — гэта цалкам правільны варыянт.
- Pumok: Швайцарцы, у якіх некалькі моваў, у такім выпадку проста ўсьміхаюцца. Увогуле гэтае слова Weißrussland — нямецкая вынаходка, за якую яны трымаюцца. Аднак там, дзе існуе шматмоўны фон, такое немагчыма. Я буду, напрыклад, заўсёды пісаць францускае слова па-француску, не перакладаючы яго. Нават нягледзячы на 100 магчымых моўных рэформаў.
- Niaxa: Асабіста я чую слова Belarus значна часьцей, чым Weißrussland. Калі шчыра, то ў апошнія гады я нават і ня чуў слова Weißrussland.
- Berritorre: А якія праблемы ў тым, як цяпер пісаць гэтае слова? Для мяне — ніякіх. Як, думаю, і для 99% насельнікаў нямецкамоўнай прасторы. Хаця што тычыцца Аўстрыі ды Швайцарыі, то там да гэтага не настолькі прызвычаіліся. А таму пытаньне вартае абмеркаваньня.
Belarus ня тая назва, якая зьявілася ўчора ўвечары. За ёй, як і ў кожнага народу, свая гісторыя. Таму — Belarus.