Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: легітымнасьць дэпутатаў «вызначаецца ня вонкавымі сродкамі, а воляй народу»


Падлік галасоў падчас мясцовых выбараў у Беларусі
Падлік галасоў падчас мясцовых выбараў у Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі 22 лютага пракамэнтавала заяву службы вонкавых дзеяньняў Эўразьвязу з крытыкай вынікаў мясцовых выбараў, якія скончыліся 18 лютага.

«Мы азнаёміліся з заявай прэсавага сакратара эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў», — паведаміў на брыфінгу начальнік упраўленьня інфармацыі і лічбавай дыпляматыі Дзьмітры Мірончык.

Ён сказаў, што легітымнасьць дэпутатаў «вызначаецца ня вонкавымі сродкамі, а воляй народу». Выпрацоўка зьменаў выбарчага заканадаўства, падкрэсьліў Мірончык, таксама зьяўляецца сувэрэнным правам Беларусі.

У той жа час, паводле спадара Мірончыка, Беларусь застаецца прыхільніцай канструктыўнага дыялёгу з БДІПЧ АБСЭ і іншымі міжнароднымі структурамі. Беларускія ўлады будуць і далей прытрымлівацца лініі супрацоўніцтва з Эўразьвязам.

У Брусэлі заявілі, што ўлады Беларусі не ўлічылі шэраг рэкамэндацый БДІПЧ, а ў выбарчай сыстэме захоўваецца шэраг «сыстэмных недахопаў».

У нядзелю 18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле ЦВК, датэрмінова прагаласавалі рэкордныя 34,95%, але сумарная яўка недацягнула да рэкорду: 77,05%. Незалежныя назіральнікі назвалі выбары «максімальна бруднымі». Доля прадстаўнікоў апазыцыі ў новаствораных саветах дэпутатаў склала ўсяго 0,0055%, ці адзін чалавек на больш як 18 тысяч месцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG