Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры абяцае стымуляваць беларускае кіно праз адкрытыя конкурсы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падрыхтаваны праект указу «Аб захадах у стымуляваньні разьвіцьця кінэматаграфіі». Пра гэта ў інтэрвію газэце «Советская Белоруссия» сказаў міністар культуры Юры Бондар.

Паводле яго, дакумэнт скіраваны на падтрымку якаснага кіно ў цэлым, а не «Беларусьфільму» ў прыватнасьці. Пры гэтым, адзначыў ён, ёсьць важная ўмова бюджэтнага фінансаваньня: карціны, якія здымаюцца зь дзяржаўнай падтрымкай, павінны вырабляцца на базе нацыянальнай кінастудыі.

Юры Бондар
Юры Бондар

«Мы ў першую чаргу кіруемся інтарэсамі якасьці, бо ёсьць розьніца — зьнятая стужка на тэлефон або на кінастудыі поўнага цыклю, якой зьяўляецца „Беларусьфільм“, — сказаў міністар. — Фільм на смартфоне — гэта проста хоўм-відэа. Глядач, які набыў квіток у кіно, павінен атрымаць прадукт высокай якасьці».

Юры Бондар перакананы, што ў праекце адлюстраваны разумныя прапановы пра разьмеркаваньне на конкурснай аснове сродкаў на вытворчасьць фільмаў і стварэньне кінасцэнарыяў. Цяпер праект дапрацоўваецца і будзе прапанаваны для абмеркаваньня ўсімі зацікаўленымі бакамі.

Туровіч: незалежным творцам дапамогі няма

Рэжысэр Аляксей Туровіч сумняваецца, што конкурсы нешта зьменяць да лепшага. З уласнага досьведу кантактаваньня з чыноўнікамі, якія апякуюцца кіно, ён ведае, што незалежным творцам надзвычай складана атрымаць дзяржаўную дапамогу на кіно.

Туровіч кажа, што падчас працы над сваімі стужкамі некалькі разоў хадзіў на прыём да папярэдніка Юрыя Бондара на міністэрскай пасадзе Барыса Сьвятлова. Прасіў паспрыяць з завяршэньнем мастацкага фільму паводле апавяданьня Васіля Быкава «Жоўты пясочак», а таксама «разблякаваць» рэжысэрскі сцэнар фільму «Забытая вайна», прысьвечанага пазыцыйнаму супрацьстаяньню ў Смаргоні падчас Першай усясьветнай вайны.

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

«Зьвяртаўся па дапамогу ў заканчэньні экранізацыі апавяданьня Васіля Быкава „Жоўты пясочак“ — патрэбна была фінішная дапамога ў зьвядзеньні матэрыялу. Атрымаў, як той казаў, ад варот паварот. Таксама хадзіў да намесьніцы міністра Дрыгі, яна адмовіла катэгарычна. Кінастудыя „Беларусьфільм“ нічога ўкладаць не хацела адпачатку, дырэктар Поршнеў заняты сваімі праектамі з расейцамі. Усё бяз сэнсу. Калі і будуць каму дапамагаць, дык толькі сваім, правераным».

Дзеля атрыманьня фінансаваньня ў рамках цяперашняй дзяржаўнай праграмы падтрымкі і разьвіцьця кінэматаграфіі Аляксей Туровіч двойчы падаваў свае літаратурныя і рэжысэрскія сцэнары на конкурс пад эгідай Міністэрства культуры. Апроч згаданай ужо «Забытай вайны» пра падзеі Першай усясьветнай, прапаноўваў матэрыял пад працоўнай назвай «Аўган» — пра складаную адаптацыю да мірнага жыцьця салдат, якія вярнуліся з Аўганістану. У абодвух выпадках атрымаў адмову. А ў 2015 годзе ўжо гатовая мастацкая стужка «Трэба жыць» не была дапушчаная да конкурснай праграмы менскага кінафэстывалю «Лістапад».

У канцы мінулага году адбылася прэзэнтацыя «Жоўтага пясочку» ў Менску, аднак, апроч прэм’ернага паказу, ніякага інтарэсу дзяржава ня праявіла: кінатэатры і тэлеканалы ня бачаць мэтазгоднасьці паказваць фільм пра сталінскія рэпрэсіі.

«Кіна ня будзе». БТ паклала «Жоўты пясочак» на паліцу, рэжысэр зьмясьціў фільм на YouTube

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG