Дайсуке Мінаміна — кіраўнік палітычнага аддзела пасольства Японіі ва Ўкраіне і ён свабодна валодае ўкраінскай мовай. Украінскае вымаўленьне японскага дыплямата не саступае носьбітам мовы. У эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода Дайсуке Мінаміна распавёў, як яму ўдалося вывучыць украінскую мову.
Дайсуке Мінаміна пачаў вучыць украінскую яшчэ да таго, як апынуўся ў Кіеве, слухаючы радыёперадачы «Голас Амэрыкі» і Радыё Свабода. Ужо ў Кіеве ён пераадольваў унутраны бар’ер: адказваў па-ўкраінску нават на расейскія рэплікі кіяўлян.
З Дайсуке Мінаміна мы сустракаемся насупраць амбасады Японіі. У самой амбасадзе нам здымаць не дазволілі, таму просім Мінаміна выбраць любімае месца ў Кіеве. Першае на што ён паказвае — помнік Вячаславу Чарнавілу (украінскі палітык, грамадзкі дзяяч, праваабаронца, дысыдэнт супраць савецкай улады — РС.) ля амбасады.
«Я цікаўлюся гісторыяй, у прыватнасьці сучаснай гісторыяй Украіны. У часы перабудовы, пасьля незалежнасьці Чарнавіл адыгрываў вельмі вялікую ролю ў гісторыі Ўкраіны», — адказвае японец.
Гэта ўжо трэцяя ратацыя Дайсуке Мінаміна ва Ўкраіне, у цэлым ён пражывае ў Кіеве каля 8 гадоў.
Украінскую пачаў вучыць 20 гадоў таму
Украінскую мову пачаў вывучаць каля 20 гадоў таму — падчас навучаньня ва асьпірантуры.
«Ва ўнівэрсітэце мая спэцыяльнасьць была «расейская мова». Веданьне расейскай як правіла дапамагае мне вучыцца ўкраінскай, але ў той жа час трэба сказаць, што гэта перашкаджае», — адзначае ён.
Пасьля распаду СССР Дайсуке Мінаміна пачаў цікавіцца зьнешняй палітыкай і дыпляматыяй краін былога Савецкага Саюзу. Падчас навучаньня ва асьпірантуры навуковы кіраўнік параіў яму выбраць для дасьледаваньня Ўкраіну і адзначыў, што для гэтага яму давядзецца вывучыць украінскую мову.
«Шчыра кажучы, у той час я не паверыў, таму што я ўжо ведаў расейскую мову. Вывучаць яшчэ адну славянскую мову было крыху складана. Тым ня менш, мой навуковы кіраўнік нават патрабаваў: „Так трэба, абавязкова“. Аналізаваць Украіну трэба не праз Расею, таму што гэта ня мае сэнсу», — працягвае свой аповед дыплямат.
Пасьля Дайсуке Мінаміна ў гэтым пераканаўся, але вучыцца давялося ў складаных умовах. У Японіі ў той час мала хто вывучаў украінскую мову і пісаў пра Украіну. Падручнікаў не было.
«Тыя, хто цікавіўся ўкраінскай мовай у Японіі, як правіла імпартавалі кнігі і падручнікі з Канады. Уяўляеце?».
Лавіў хвалі Радыё Свабоды і «Голасу Амэрыкі», каб паслухаць жывую гаворка
Не было ў той час і хуткага інтэрнэту, як цяпер, таму складанасьці былі і з тым, як паслухаць жывую ўкраінскую гаворку. Тады Дайсуке Мінаміна даставаў свой радыёпрымач і лавіў хвалі Радыё Свабода, «Голасу Амэрыкі», а таксама Міжнароднага ўкраінскага радыё.
«Вядома, якасьць гуку ня вельмі добрая, але гэта адзіны спосаб, як можна было паслухаць украінскую мову», — канстатуе дыплямат.
На пытаньне аб тым, як удалося вывучыць украінскую, якая нават блізка не падобная на родную японскую, Дайсуке Мінаміна адказвае, што было жаданьне, а калі яно ёсьць, то ўсё магчыма. Да таго ж веданьне расейскай мовы дапамагае, але і зьбівае з панталыку, прызнаецца дыплямат.
«У Кіеве ня ўсе гавораць па-ўкраінску. Спачатку, калі я пачаў вучыцца на ўкраінскай мове, трошачкі было сорамна зьвяртацца да некага па-ўкраінску. Але калі б я працягваў жыць з такім стаўленьнем, то ня здолеў бы засвоіць украінскую як мову зносін. Таму я вырашыў — калі нават да мяне будуць зьвяртаюцца па-расейску, я буду гаварыць па-ўкраінску», — прызнаецца ён.
Пра суржык
У мове Дайсуке Мінаміна практычна няма суржыку (украінская трасянка — РС.), хоць ён вывучаў украінскую пасьля расейскай. Але пра такое паняцьце дыплямат ведае, сутыкаўся з суржыкам.
«З гісторыі я разумею, чаму так адбываецца. І з гэтага пункту гледжаньня, ведаць, як на самой справе людзі размаўляюць, для мяне вельмі цікава», — дадае грамадзянін Японіі.
Дыплямат любіць глядзець перадачы з правільнымі і няправільнымі варыянтамі прымяненьня ўкраінскага мовы як у інтэрнэце, так і на тэлебачаньні.
Рэкамэндацыі па вывучэньні мовы ад Дайсуке Мінаміна
Дайсуке Мінаміна даў тры рэкамэндацыі для вывучэньня ўкраінскай мовы:
- Гаварыць па-ўкраінску нават калі з вамі размаўляюць па-расейску. Не баяцца памыляцца.
- Галоўнае — мець як мага больш магчымасьцяў чуць жывую ўкраінскую гаворку.
«Пасьля вяртаньня з Кіеву, пасьля заканчэньня папярэдняй місіі, нават у Токіё я слухаў Радыё Свабода. Цяпер дзякуючы разьвіцьцю інфармацыйных тэхналёгій, паслухаць жывую ўкраінскую мову ня цяжка». - Чытаць: навіны ў інтэрнэце, часопісы, газэты, кнігі.
«Я паспрабаваў чытаць больш для таго, каб павялічыць запас слоў украінскай мовы».